Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла напярэдадні 2012 году зьвярнулася зь лістом да беларускага народу

Дарагія суродзічы, напярэдадні сьвятаў, калі людзі традыцыйна жадаюць адзін аднаму шчасьця, здароўя і ўсялякіх дабротаў у жыцьці, пішу да вас з трывогай у сэрцы.

За 2011 год чалавек, які называе сябе прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, даказаў, што Беларусь для яго нішто іншае, як лёгка здабытае казённае дабро. Распараджаецца ён гэтым дабром так непрадказальна і ставіцца да беларускага народу, уласьніка гэтага дабра, з такім цынізмам, што ствараецца ўражаньне, што ён выконвае загады, якія нават не адпавядаюць ягоным уласным інтарэсам. За некалькі чырвонцаў прадаў душу, штораз глыбей лезе ў балота, у якое ўсходнія „дабрадзеі“ пакрысе яго сьпіхваюць.

Падзеі 19-га сьнежня 2010 г., арышт апанэнтаў, маскоўскія дамовы наконт нібыта „таннага“ газу ўзамен на найкаштоўнейшую маёмасьць нашага краю — газавыя трубаправоды ў Эўропу, новыя „саюзныя“ структуры, у якіх Беларусь будзе мець аж 6 адсоткаў галасоў (!!!), дазвол Расеі ізноў карыстацца нашай зямлёй для рэалізацыі сваіх ядзерных задумаў, нягледзячы на жаданьне народу пазбыцца гэтае пагрозы, выпрабаваньне цярплівасьці народу стварэньнем новых сілавых структураў — каб змагацца супраць каго? Выглядае, што ўсё робіцца, каб сьцерці Беларусь з паверхні Зямлі. А нашыя бедныя людзі яшчэ ўсё думаюць, што гэта робіцца для іх… І чакаюць.

Прыгадваюцца генацыды, калі чалавецтва таксама чакала, склаўшы рукі, што нешта зьменіцца… Дарагія суродзічы, нішто ня зьменіцца бяз вас. А калі страціце сваю дзяржаву, што застанецца вашым дзецям і ўнукам? Ізноў маскоўская калёнія, забраны і зьнішчаны край, дзе яны будуць нічым іншым, як працоўнай сілай для чужых „сатрапаў“

Безумоўна, ёсьць здраднікі ў нашым народзе. Як і ўсюды. Магчыма, гледзячы на іх, апускаюцца рукі ў сумленных людзей. Але гэтае пачуцьцё крыўды і несправядлівасьці – таксама мы мусім перамагчы. Мусім і можам. Будучыня нам не даруе, калі мы не абудзімся або калі разбудземся запозна.

Дарагія суродзічы, нас дзесяць мільёнаў!

Мы можам адрадзіць нашую вольную незалежную беларускую дзяржаву, мы таксама маем права людзьмі звацца. Ведаю, што шмат хто ня любіць гэтых словаў Купалы. Даражэнькія, людзьмі мы будзем звацца толькі ў нашай вольнай краіне – краіне Беларусь!

Пакуль будзем дазваляць, каб нехта ёй гандляваў, пакуль будзем пад ярмом агрэсіўнага суседа, — ня будзем мы мець права людзьмі звацца. А так доўга, як мы ня будзем самі сябе паважаць, ня будзем мы мець права на павагу рэшты чалавецтва.

Дык жадаю ўсім нам сілаў, вытрываласьці і веры ў будучыню. Жыве Беларусь!

Сьнежань 2011 г.

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...