Матар’ялы XXII Сэсіі Рады БНР

Мэмарандум XXII Сэсіі Рады БНР
«Аб дзейнасьці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі»

Рада БНР‚ створаная дэмакратычнай воляй Беларускага Народу — носьбіт ідэі незалежнасьці і дэмакратычнага ладу ў Беларусі. Рада працягвае справу Беларускай Народнай Рэспублікі‚ падтрымлівае ажыцьцяўленьне прынцапаў дзяржаўнасьці і дэмакратыі Беларусі‚ адлюстраваныя ва Ўстаўных Граматах Рады БНР 1918 году.

Рада БНР лічыць утварэньне Рэспублікі Беларусь і замацаваньне ейнай дзяржаўнай незалежнасьці ў Канстытуцыі 1994 году этапам на шляху да ажыцьцяўленьня ідэалаў БНР‚ аб чым красамоўна засьведчылі прынятыя Вярхоўным Саветам 12 скліканьня дзяржаўныя сымболі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня‚ а таксама канстытуцыйнае ды заканадаўчае замацаваньне дзяржаўнасьці беларускай мовы.

Рада БНР‚ гэтак жа як і дэмакратычныя дзяржавы Захаду‚ не прызнае незаконных лукашэнскаўскіх антыдэмакратычных структураў улады‚ створаных пасьля лістападаўскага перавароту 1996 году‚ ды асуджае прарасейскую акупацыйную палітыку‚ скіраваную на ліквідацыю незалежнасьці Беларусі‚ на зьнішчэньне беларускай культуры‚ беларускай мовы і беларускай нацыі.

Рада БНР будзе рабіць усе крокі‚ каб прадухіліць пагрозу незалежнасьці беларускай дзяржавы і існаваньню беларускай нацыі. Рада БНР зьвяртае ўвагу дэмакратычных уладаў і палітыкаў заходняга сьвету на пагрозу‚ што ідзе вольным краінам Усходняй Эўропы ад прамаскоўскага дыктатарскага рэжыму на Беларусі‚ які прапануе вярнуць у Беларусь расейскую ядзерную зброю.

***

Заява XXII Сэсіi Рады БНР
«Аб становішчы ў Беларусі»

Рада БНР з трывогай назірае за ўзмацненьнем рэпрэсійных дзеяньняў прамаскоўскага дыктатарскага рэжыму ў Беларусі‚ накіраваных супраць асноўных правоў чалавека‚ законнасьці‚ свабоды і беларускай культуры. Пад пагрозай апынулася ня толькі дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі‚ але і існаваньне беларускай нацыі. У Беларусі фактычна адноўлены бальшавіцкі акупацыйны рэжым‚ зачынены амаль усе беларускія школы‚ зьліквідавана нацыянальнае ўзгадаваньне моладзі‚ дыскрымінуецца на кожным кроку беларуская мова. Урад выдае распараджэньні аб адабраньні нерухомай маёмасьці беларускіх установаў і арганізацыяў‚ зачыняе беларускія газэты і часапісы. Уведзена цэнзура на творы мастацтва‚ ліквідавана свабодная адвакатура. У судах і турмах пануе поўная самаволя ўрадавых функцыянэраў. Прэзыдэнцкая рэпрэсійная машына адкрыта дыскрымінуе беларусаў. Самаволя ўладаў у канфрантацыі з журналістамі дайшла да таго‚ што пачалі завастрацца канфлікты паміж шматлікімі замежнымі сродкамі масавай інфармацыі ды ўрадам Лукашэнкі.

Тымчасам эканамічны крызыс у Беларусі паглыбляецца ў выніку намаганьняў ураду трымаць усё пад сваім кантролем. Iндэксацыя заработкаў і пэнсіяў не пасьпявае за інфляцыяй‚ якая ў першай палавіне гэтага году перавысіла 40 працэнтаў. Вартасьць беларускага рубля катастрафічна падае. Гандлёвы балянс рэспублікі пазначаны глыбокім дэфіцытам. Урад дарма намагаецца прыхаваць факт далейшага эканамічнага спаду маніпуляваньнем статыстыкі. Каб залатаць бюджэтныя дзіркі‚ урад рыхтуецца запушчаць ізноў у работу друкарскі станок на новую эмісію рублёў‚ якія яшчэ больш абясцэняць мізэрныя заработкі і пэнсіі.

Усе эканамісты‚ у тым ліку і ўрадавыя‚ прызнаюць‚ што адбудова беларускай эканомікі немагчымая без замежных інвэстыцыяў. Але інвэстыцыі не паплывуць у дзяржаву‚ якая не праводзіць рыначных рэформаў.

У выніку арыентацыі Лукашэнкі на сілавыя мэтады кіраваньня‚ за Беларусьсю ў сьвеце замацоўваецца імя паліцыйнае дзяржавы. Апошні з цэлае сэрыі рэдакцыйных артыкулаў вядучых заходніх оpганаў незалежнага друку — у газэце New York Times (25 жніўня 1997)‚ загалоўлены «Расея і ейны тыранскі сусед». Гэта пра Беларусь пад кантролем прэзыдэнта-тырана. Зразумела‚ што з такою краінаю патэнцыяльныя заходнія інвэстары ня будуць наладжваць дзелавых сувязяў. Міжнародную ізаляванасьць Беларусі найлепш паказвае факт‚ што беларускі прэзыдэнт стаўся «невыездным» у дэмакратычныя дзяржавы. Ня хочуць і ў Беларусь ехаць ані заходнія турысты‚ ані бізнэсмэны. Культурны і навуковы абмен з Захадам зьведзены да мінімуму. Амаль спыніўся паток гуманітарнай дапамогі з замежных краін‚ бо галодны на валюту Менск наклаў сваю кантрольную руку і на гэтую дзялянку грамадзкай дзейнасьці.

Паліцыйны заціск свабоды паглыбляецца. Лукашэнкаў незаконны парлямэнт рыхтуецца цяпер прыняць папраўкі да закону аб друку‚ які пашырыць яшчэ больш беззаконьне чыноўніцкага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі.

У сувязі з вышэйсказаным Рада БНР асуджае паліцыйны антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і заклікае беларускае ды міжнароднае грамадзтва да супрацьдзеяньня ягонай дыктатуры‚ да змаганьня за аднаўленьне дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

Рада БНР падтрымлівае ўсе беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы‚ што змагаюцца за дэмакратыю‚ незалежнасьць і эўрапейскі шлях разьвіцьця Беларусі.

Рада БНР заяўляе‚ што адзіны выхад з тупіковага палажэньня‚ у якім апынулася міжнародна ізаляваная Беларусь‚ — гэта адстаўка Лукашэнкі‚ зварот да Канстытуцыі 1994 году і правядзеньне свабодных парлямэнцкіх выбараў.

***

Пастанова XXII Сэсіі Рады БНР
«Пра абарону самабытнага аблічча беларускае літаратурнае мовы»

Жывое бытаваньне і пэрспэктыва беларускае літаратурнае мовы на Бацькаўшчыне зноў апынуліся пад пагрозаю. Антыбеларускі рэжым пасьлядоўна выціскае беларускую літаратурную мову з асноўных сфэраў ейнага функцыянаваньня: адукацыі‚ культуры‚ навукі‚ дзяржаўных органаў‚ прэсы‚ кнігавыданьня і г. д.

Падобна як сталінскі рэжым у 1930-ыя гады‚ рэжым Лукашэнкі‚ адначасна зь перасьледам беларускае мовы наагул‚ робіць замах на ейную самабытнасьць. У 1933 г. правапіс і граматыка беларускае літаратурнае мовы рашэньнем Саўнаркому БССР былі валюнтарыстычна зрэфармаваныя дзеля палітычнае мэты — набліжэньня беларускае мовы да расейскае. Вынішчаліся непаўторнае аблічча і нормы беларускае літаратурнае мовы‚ што сфармаваліся натуральным эвалюцыйным чынам на падстваве народных гаворак і жывой практыкі ды былі ўпарадкаваныя Браніславам Тарашкевічам.

Рада БНР‚ ідучы за воляю свабоднага беларускага грамадзтва‚ не прызнала пастановы Саўнаркому БССР «Аб рэформе беларускага правапісу». Беларуская літаратурная мова пачала існаваць у двух правапісна-граматычных варыянтах: клясычным‚ што быў скадыфікаваны Б. Тарашкевічам і ягонымі наступнікамі‚ ды савецкім‚ зрусыфікаваным.

На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя клясычная правапісна-граматычная традыцыя ня толькі адрадзілася на Бацькаўшчыне‚ але стала асноваю далейшага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы. Грамадзкія‚ культурныя арганізацыі‚ акадэмічныя колы выказаліся за перагляд пастановы Саўнаркому БССР 1933 году «Аб рэформе беларускага правапісу». Пастанова была ацэнена як палітычна тэндэнцыйная ў Выніковым дакумэнце Дзяржаўнае Камісіі па ўдакладненьні правапісу беларускае літаратурнае мовы ад 2 лютага 1994 году. Дзяржаўная Камісія і Правапісная Камісія Таварыства Беларускае Мовы выпрацавалі прапановы‚ якія мелі на мэце ўніфікацыю зрусыфікаванага варыянту правапісу і граматыкі з клясычным.

Аднак рэжым Лукашэнкі‚ пераймаючы ў нацыянальна-моўнай палітыцы рэжым Сталіна‚ абмяжоўвае ўжываньне беларускае літаратурнае мовы ў ейным не скажоным рэформаю 1933 г. правапісна-граматычным абліччы ды рыхтуе поўную забарону апошняга.

У сувязі з вышэйвыкладзеным‚ грунтуючыся на дакумэнтах Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні (1933)‚ Таварыства Беларускае Мовы і яго Правапіснае Камісіі (1991—1994)‚ Дзяржаўнае Камісіі па ўдакладненьні Беларускае літаратурнае мовы (1994)‚ Камісіяў Беларускага Народнага Фронту па Адукацыі і па Культуры (1989—1997)‚ Рада БНР пастанаўляе:

  1. Лічыць клясычныя правапіс і граматыку беларускае літаратурнае мовы‚ упарадкаваныя Б. Тарашкевічам і надалей кадыфікаваныя і ўжываныя ў слоўніках на Бацькаўшчыне і на эміграцыі‚ нацыянальным здабыткам‚ які падлягае дзяржаўнай апецы і абароне.
  2. Ужываць у дзяржаўнай чыннасьці Рады БНР вылучна клясычныя правапіс і граматыку беларускае літаратурнае мовы ды рэкамэндаваць іх да ўжытку ва ўсіх сфэрах функцыянаваньня мовы ў Беларусі.
  3. Правесьці навукова-практычную канфэрэнцыю з мэтаю ўдакладненьня нормаў правапісу і граматыкі беларускае літаратурнае мовы з улікам найноўшае моўнае практыкі.

***

Рэзалюцыя
«Аб этнічнай дыскрымінацыі беларусаў і слуханьнях у Кангрэсе ЗША аб пагвалтаваньні правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь»

ХХII Сэсія Рады БНР зьвяртае ўвагу ўрадаў дзяржаваў сьвету і міжнародных арганізацыяў на масавую ліквідацыю беларускамоўных школаў у Беларусі‚ на шматлікія факты зьбіцьця і арыштаў грамадзянаў рэспублікі байцамі прэзыдэнцкіх спэцслужбаў толькі за тое‚ што яны размаўляюць па-беларуску. Сэсія канстатуе наяўнасьць ня толькі маральнага‚ палітычнага‚ але і фізычнага перасьледу беларусаў на тэрыторыі Беларусі па нацыянальнай прыкмеце. Дзеля гэтага Сэсія Рады БНР зьвяртаецца з прапановай да Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі правесьці слуханьні аб фактах пагвалтаваньня правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэзалюцыя
«Аб радыё “Свабода – Свабодная Эўропа” і беларускамоўных перадачах іншых заходніх радыястанцыяў»

ХХII Сэсія Рады БНР уважае‚ што пашырэньне вяшчаньня беларускай службы радыё “Свабода” ды запачаткаваньне беларускамоўных перадачаў “Голасам Амэрыкі” і радыястанцыямі іншых заходніх дзяржаваў ва ўмовах поўнай манаполіі прэзыдэнта Лукашэнкі на электронныя сродкі масавай інфармацыі станоўча паўплывае на лёс беларускай дэмакратыі.

You may also like...