Выступ Старшыні Рады БНР на сьвяткаваньні юбілею Згуртаваньня Беларусаў Канады

Дастойны Ўладыка Сьвятаслаў, шаноўныя госьці, дарагія сябры,

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю ўсіх нас зь юбілеем Згуртаваньня Беларусаў Канады.

Як і ўва ўсіх іншых краінах, куды лёс іх закінуў, беларусы паваеннай хвалі эміграцыі ў Канадзе хутка пасьля свайго прыезду зьядналіся, перадусім каб разам працаваць на карысьць беларускага народу і разам змагацца за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Нават калі, у залежнасьці ад сваіх палітычных поглядаў, тварылі ў краіне некалькі беларускіх арганізацыяў, усе яны былі верныя ідэалам 25 сакавіка, усе стараліся стварыць «сваю Беларусь» на чужыне. Ад самага пачатку, заміж забясьпечваць уласнае існаваньне, яны браліся за здабычу сваіх сьвятыняў і грамадзкіх цэнтраў. У адным зь іх мы сьвяткуем сёньня наш сямідзясяты юбілей.

Паколькі бальшыня нашых першых імігрантаў, беларускіх канадыйцаў, адыйшлі ўжо ў лепшы сьвет, хацела б папрасіць вас ушанаваць хвілінай маўчаньня іхную памяць.

Дзякую.

Хаця я ў гэтай залі, здаецца, найстарэйшая сяброўка ЗБК, прыехалі мы зь сям’ёю ў Канаду дваццаць гадоў пасьля першай хвалі беларускай эміграцыі. Але яшчэ ўсьпелі пазнаць бальшыню «старэйшых». Пісьменьніка Кастуся Акулу зь сям’ёй, Алеся і Олю Грыцукоў, доктара Барыса Рагулю (які ніколі не адмаўляў лячыць суродзічаў і фінансава памагаў царкве і Згуртаваньню), нашую дантыстку Раісу Жук-Грышкевіч (якая арганізавала ўсе культурныя імпрэзы ў гэтым цэнтры і была шмат разоў Старшынёй ЗБК), яе мужа Старшыню Рады БНР Вінцука Жук-Грышкевіча, Міколу і Марыю Ганько (якія прысьвячалі ўвесь свой вольны час беларускаму жыцьцю ў Таронта), Касьцюкевічаў, Целешаў, Антона Маркевіча, Міколу Шуста (якога вырабы з саломкі выстаўляліся на ўсіх беларускіх выстаўках і яшчэ вісяць на сьценах нашага цэнтру), цудоўную сям’ю Валентыны і Міхася Пашкевічаў, Арсеня Моніда, Барыса Кірку, ну і безумоўна Ўладыку Мікалая і шмат-шмат іншых.

Калі мы прыяжджалі з Атавы ў Таронта, каб памагчы нашым «тутэйшым» штосьці сарганізаваць – у 1972-м годзе былі ў Таронта 12 разоў – захапляліся ахвярнай працай і патрыятызмам нашых суродзічаў. З свайго боку, у Атаве, дзе мы былі доўгія гады адны, прадстаўлялі, як маглі, нашую грамаду на міжнароднай арэне. Актыўна праводзілі «палітыку прысутнасьці» ў грамадзкім жыцьці сталіцы, каб усе ведалі, што мы існуем.

Нашая грамада мела вялікае шчасьце, калі пачалі прыяжджаць у дзевяностыя гады эмігранты зь Беларусі. Да нас прыехалі, мусіць, самыя лепшыя, бо з самага пачатку ўключыліся ў беларускае жыцьцё і перанялі ад старэйшых царкоўныя і грамадзкія абавязкі.

Я была захопленая на апошўняй Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью-Ёрку відэам нашай Старшыні Алены Лявончанкі, дзе яна расказвала пра ўсё, што вы апошнім часам зрабілі. Таксама ўжо некалькі разоў глядзела з захапленьнем фільм «Яваровых людзей», «То-то-то».

Усім вам хочу выказаць маю ўдзячнасьць ня толькі як Старшыня Рады БНР, але і як найстарэйшая сяброўка ЗБК, якая тут прысутнічае.

Дык яшчэ раз віншую ўсіх вас зь юбілеем, жадаю цудоўнага сьвяткаваньне і шмат гадоў плённае працы, пакуль мы ўсе разам не адродзім вольную і дэмакратычную нашую дзяржаву.

Жыве Беларусь!

Таронта, 27 кастрычніка 2018 г.