Фабіян Абрантовіч

14 верасьня 1884 г. у Наваградзкім павеце нарадзіўся архімандрыт Фабіян Абрантовіч – член Рады БНР,  выбітны дзеяч беларускага хрысьціянска-дэмакратычнага руху, грэка-каталіцкі сьвятар, філёзаф.

Дзяцінства і вучоба

Паходзіў зь мяшчанскае сям’і жыхароў Наваградка. Скончыў Пэтэрбурскую духоўную каталіцкую сэмінарыю (1905) і Пэтэрбурскую Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1910; магістар багаслоўя). 9 верасьня 1909 году пасьвечаны ў сьвятары. Працягваў вучобу ў Каталіцкім унівэрсытэце Лёвэна (Бэльгія, 1912—1914), дзе абараніў доктарскую дысэртацыю ў філязофіі.

У Санкт-Пэтэрбургу

Пасьля вяртаньня ў Пэтэрбург прызначаны вікарыем касьцёлу сьвятой Кацярыны. Выкладаў Закон Божы ў пэтэрбурскіх навучальных установах (Імпэратарская вучэльня правазнаўства, Імпэратарская камэрцыйная вучэльня, Кадэцкі корпус імпэратара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). Законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры касьцёле сьв. Кацярыны ў Пэтэрбургу (з 9 сьнежня 1910). Ад 1 верасьня 1914 да 1918 году прафэсар філязофіі Санкт-Пэтэрбурскай духоўнай сэмінарыі, выкладаў таксама сацыялёгію i сьпевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Пэтэрбурскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імпэратарскім жаночым інстытуце. Пазьней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградзкай гімназіі.

Вяртаньне ў Беларусь

30 красавіка 1918 накіраваны Адміністратарам Магілёўскае архідыяцэзіі біскупам Эдвардам фон Ропам у Менск. У 1918—1920 арганізатар і рэктар Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Выкладаў у сэмінарыі і пасьля эвакуацыі яе спачатку ў Наваградак, а потым у Пінск. Ад 1919 прэлат менскае катэдральнае капітулы. У 1920—1926 служыў у розных храмах Палескага ваяводзтва. З 1926 у кангрэгацыі марыянаў у Друі. Манаскія шлюбы склаў 3 жніўня 1927.

Абрантовіч – адзін з ідэолягаў і заснавальнікаў беларускага хрысьціянскага руху XX ст. Зь беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам зьвязаны з часоў вучобы ў Пэтэрбургу; уваходзіў у культурна-асьветны гурток беларусаў-клерыкаў. Быў адным з ініцыятараў і арганізатараў правядзеньня 24—25 траўня 1917 у Менску зьезду беларускага каталіцкага духавенства, дзе выступіў з рэфэратам «Справа прасьветная». Сябра саюзу ксяндзоў-беларусаў. Разам з Л. Хвецькам заснаваў у траўні 1917 саюз «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць», быў адным зь яго кіраўнікоў у Менску.

6 верасьня 1918 Фабіян Абрантовіч разам зь біскупам Лазінскім адправіў у Менску першую імшу зь беларускім казаньнем. Зь верасьня 1919 — сябра Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19 верасьня 1919 прыняў у Менску Юзэф Пілсудзкі.

Уваходзіў у склад Рады БНР, а таксама быў сябрам Канвэнту старэйшынаў Рады БНР. Плянавалася, што ў Міністэрстве замежных справаў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.

Сябраваў зь Янкам Купалам, у студзені-лютым 1920 дзяжурыў каля ложка хворага паэта ў менскім шпіталі.

Актыўна выступаў за ўвядзеньне беларускай мовы ў набажэнства ў каталіцкім касьцёле і духоўных навучальных установах, пра што неаднаразова пісаў на старонках пэрыядычных беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica» (1917—1920, Петраград — Менск — Вільня) і «Chryścijanskaja Dumka» (1928—1929, Вільня). Як публіцыст вядомы пад псэўданімам Фабіч (Fabič).

Місіянэрская дзейнасьць у Кітаі

Прызначаны кіраўніком створанага 20 траўня 1928 Ардынарыяту для каталікоў усходняга абраду ў Кітаі. 6 лістапада 1928 прыбыў у Харбін у якасьці апостальскага адміністратара для каталікоў усходняга абраду ў Манджурыі.

Асноўнымі накірункамі каталіцкае місіі сярод расейскай эміграцыі лічыў перш за ўсё асьветніцкую й выхаваўчую дзейнасьць. Пры ім былі рэарганізаваныя й пашыраныя: агульнаадукацыйны інтэрнат для дзяўчынак, якім кіравалі сёстры-ўршулянкі, «Расейскі прытулак» пад кіраўніцтвам францішканак-місіянэрак і ліцэй Сьвятога Мікалая для хлопчыкаў. У 1931 у Харбіне пачаў выходзіць «Католический вестник» — адно з буйнейшых каталіцкіх выданьняў расейскіх каталікоў на эміграцыі. Тутака ж выдавалася вялікая колькасьць каталіцкае літаратуры на расейскай мове.

Арышт і сьмерць

У 1939 з Рыму, дзе знаходзіўся на капітуле марыянскага ордэна, накіраваўся ў Заходнюю Беларусь. На зваротным шляху ў Львове наведаў мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, дзе яго застала вайна. 22 кастрычніка 1939 арыштаваны савецкімі ўладамі пры пераходзе савецкае мяжы ля гораду Рава-Руская (Украіна) і зьняволены ў турму ў Львове. Быў зьвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Ватыкану. Быў прывезены ў Маскву.

23 верасьня 1942 быў прызнаны вінаватым у змаганьні з рэвалюцыйным рухам і нелегальным пераходзе мяжы й быў асуджаны да 10 гадоў лягероў.

Закатаваны ў Бутырскай турме ў Маскве, памёр 2 студзеня 1946 г. Месца пахаваньня невядомае.

У 2003 годзе Касьцёл распачаў працэс бэатыфікацыі а. Фабіяна Абрантовіча.

You may also like...