Сымон Рак-Міхайлоўскі

14 красавіка 1885 г. у Вялейскім павеце нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, беларускі палітык, сябра Рады БНР, пасол на Сэйм у міжваеннай Польшчы, сябра ЦВК БССР, расстраляны савецкімі акупантамі ў 1938 г.

У 1900—1904 вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі; потым настаўнічаў на Маладэчаншчыне.

У час рэвалюцыі 1905—1907 за распаўсюджаньне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зьняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым вымушаны зьехаць у Крым. У 1912 у Фэадосіі скончыў пэдынстытут. Вярнуўся ў Беларусь, дзе арганізоўваў беларускія школы. Стаў чальцом Беларуская Сацыялістычнай Грамады.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1914 мабілізаваны ў расейскае войска. Ваяваў на Румынскім фронце. У 1915 г. пачаў публікавацца ў “Нашай ніве” і іншых выданьнях.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду.

З 1918 сябра Рады БНР.

У 1918—1919 сябра Беларускай Вайсковай Камісіі.

У 1918—1920 жыў у Гародні, працаваў у беларускай гімназіі, займаўся публіцыстыкай.

У 1920—1922 дырэктар Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.

У 1922 абраны дэпутатам польскага Сэйму ад Блёку Нацыянальных Меньшасьцяў.

Ад 1923 – сябра кіраўніцтва Таварыства Беларускае Школы.

З 1925 намесьнік старшыні ЦК Беларускай Сялянска-Работніцкае Гамады. Ад 1926 сябра КПЗБ.

Рэдактар “Бюлетэня пасольскага клюбу БСРГ”; сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні.

Арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15 студзеня 1927. Віленскім акруговым судом 22 траўня 1928 на “працэсе 56-і” асуджаны да 12 гадоў турмы.

Праз два гады, у 1930, вызвалены паводле рашэньня апэляцыйнага суду.

Увайшоў у склад камітэту “Змаганьне”. З-за пагрозы новага арышту пераехаў у кастрычніку 1930 у БССР, жыў у Менску.

Зь лютага 1931 і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Уступіў у ВКП(б). У 1931—1932 быў чальцом ЦВК БССР.

Арыштаваны ГПУ БССР 16 жніўня 1933 у Менску па адрасе вул. К. Маркса, 2-і Дом Саветаў, па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. 9 студзеня 1934 рашэньнем судовай калегіі ОГПУ СССР як “арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ”, прысуджаны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лягероў. Адпраўлены на Салаўкі.

Праз чатыры з паловай гады, 5 верасьня 1937, этапаваны ў Менск, дзе 14 лістапада 1938 “асобай тройкай” НКВД БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэгабілітаваны ваенным трыбуналам савецкай Беларускай Вайсковай Акругі 18 красавіка 1956. Асабовая справа Рака-Міхайлоўскага № 10182-с (спынена 16.8.1956) захоўваецца ў архіве КДБ РБ.

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. У Маладэчне яго імем названая вуліца.

You may also like...