Слова Старшыні Рады БНР на памінальнай бяседзе пасьля паховінаў Мітрапаліта Першаерарха БАПЦ Уладыкі Мікалая

Высока Дастойны Уладыка, Дастойныя Айцы,
Дарагія Сябры ў Смутку,

Пару гадзін таму мы разьвіталіся з Уладыкам Мікалаем і правялі яго на ягоным апошнім зямным шляху.

Сабраліся мы цяпер, каб аддаць чэсьць выдатнаму чалавеку, які ў чацьвер 20 червеня 2002-га году скончыў сваю працу на гэтай зямлі і адыйшоў у вечнасьць.

Уладыка Мікалай увасабляў найбольш цэнныя якасьці нашага народу. Быў ён справядлівым і працавітым, лагодным і ветлівым. І бесканечна любіў сваю (і нашу) Бацькаўшчыну.

Бог яму даў таксама вялікую веру ў Бога і ў людзей.

Жыцьцёвы шлях які ён сабе выбраў, быў цяжкім у эмігранцкіх умовах. Вялізарная праца, вялізарнае пачуцьцё адказнасьці, і адначасна матэрыяльна вельмі цяжкое жыцьцё, самота.

Паколькі мне ведама, не наракаў Уладыка Мікалай на свой лёс. Да самага канца свайго жыцьця выконваў абавязкі. Верыў у людзкую дабрыню. Дараваў нават тым, хто яго асабіста моцна пакрыўдзілі.

Бараніў аўтакефалію, бо ведаў, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай. Жыў надзеяй, што прыйдзе час, калі Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква вызваліць наш народ ад маскоўскіх экзархіяў, роля якіх нам усім добра ведамая ў дачыненьні да нашага народу.

Моцна перажываў Уладыка Мікалай раскол у Царкве. Колькі разоў казаў, што зь яго боку, няма перашкодаў да згоды зь Ізяславам. Нам трэба памятаць ягоныя малітвы за еднасьць — еднасьць у Царкве й еднасьць у народзе.

У гэтыя цяжкія часы для нашай дзяржавы, хацелася б каб мы памяталі Уладыку Мікалая якраз за ягоную любоў да кожнага з нас. Будзьма зьяднаныя ў змаганьні за лепшую долю нашага народу, бо разам мы ўсё асягнем. Спрэчкі, недавер, нязгода між намі йдуць толькі на карысьць нашых ворагаў.

Хай дабрыня, лагоднасьць, усьмешка нашага дарагога Уладыкі Мікалая, а таксама ягоная любоў да Бацькаўшчыны, заўсёды жывуць у нашых сэрцах.

Вечная яму памяць!
Вечны супакой!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

Дадзенае 25-га чэрвеня 2002 году ў залі царквы БАПЦ у Хайлянд Парку, Н.Дж., ЗША.

You may also like...