Рада БНР віншуе Малады Фронт з 20-годзьдзем

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі шчыра віншуе Малады Фронт, усіх яго цяперашніх і былых удзельнікаў, з дваццацігодзьдзем ад дня заснаваньня арганізацыі.

Малады Фронт узьнік у час найбольш вострай барацьбы беларускага грамадзтва супраць прорасейскай дыктатуры, паўсталай у выніку дзяржаўнага перавароту 1995-1996 гг. Актывісты арганізацыі цярпелі рэпрэсіі, ціск, штрафы і арышты, але дэманстравалі й надалей дэманструюць нязломны дух і сілу беларускага грамадзтва ў супрацьстаяньні беззаконьню і тыраніі.

У Пастанове свае XXVI Сэсіі “Аб падтрымцы беларускай моладзі” (2007 г.) Рада БНР выказала сваю падтрымку “ўсім тым моладзёвым актывістам, якія знаходзяць у сабе сьмеласьць выступаць у абарону беларускай Незалежнасьці, нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў”.

Малады Фронт стаў школай для шматлікіх беларускіх патрыётаў, грамадзянаў Беларусі, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за сваю краіну і бараніць яе ад дыктатуры і ад вонкавых ворагаў. Былыя ўдзельнікі Маладога Фронту цяпер узначальваюць беларускія палітычныя партыі, а таксама займаюць пасады ў Радзе БНР. Мы перакананыя, што прыйдзе час, калі выпускнікі Маладога Фронту ўстануць на чале вольнай і дэмакратычнай беларускай дзяржавы.