Міхал Вітушка

Міхал Вітушка, кавалер Ордэну Жалезнага рыцара

5 лістапада 1907 г. у Нясьвіжы нарадзіўся генэрал Міхал Вітушка, беларускі партызанскі камандэр, герой збройнай антысавецкай барацьбы.

Нарадзіўся ў Нясьвіжы. Атрымліваў адукацыю ў Клецкай, а пасьля Віленскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1930 годзе.

Вучыўся ў Праскім і Варшаўскім унівэрсытэтах, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў і Асьветнага таварыства беларусаў у Варшаве.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Быў арыштаваны органамі НКВД і праз нядоўгі час выпушчаны на волю.

У 1941 годзе — камандэр аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы на Заходнім Палесьсі. Атрад Вітушкі сумесна з Палескай сеччу УПА вёў партызанскія дзеяньні супраць адступаючых савецкіх войск.

Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Менску, да восені 1941 году быў намесьнікам камэнданта паліцыі.

У 1942—1943 гадох займаўся стварэньнем аддзелаў Беларускае самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне.

Уваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генэрала.

У чэрвені 1944 году ўдзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе.

Адзін з арганізатараў плянаванага антынямецкага выступу ў Менску, мэтай якога было абвяшчэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зь лета 1944 году — афіцэр дэсантнага батальёну “Дальвіц”, маёр Беларускай краёвай абароны.

У канцы 1944 ці ў 1946 г. нелегальна вярнуўся ў Беларусь, кіраваў незалежніцкімі партызанскімі атрадамі. Пазьней спыніў партызанскую дзейнасьць, узначальваў падпольле.

У пачатку 1950-х вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад; сам заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падпольлем, а ў 1960-х перабраўся на Захад.

Паводле зьвестак, атрыманых ад ягонага сына, Міхал Вітушка памёр 27 красавіка 2006 году.

Дасьледчык Уладзіслаў Ахроменка пра Міхала Вітушку, лістапад 2016 г.:

АДКРЫТЫ ЛІСТ Галоўнаму рэдактару газеты “НАША НІВА” Andrej Dynko

Спадар Андрэй!

З цікаўнасцю назіраю за спрэчкамі ў Вашым ФБ і наконт асобы Міхала Апанасавіча Вітушкі, і наконт ацэнкі ягонай дзейнасці, і наконт таго, ці сапраўды ён загінуў 07. 01. 1945 г.

Нагадаю, што наконт Міхала Вітушкі Вы, сп. Андрэй, пісалі наступнае:

“Праслаўленне Міхала Вітушкі – гэта сон розуму.
Міхал Вітушка з 1941 да 1944 служыў у нацысцкай паліцыі ў тыле ў час, калі там былі знішчаны сотняў тысяч мірных людзей: габрэяў, камуністаў, сялян у партызанскіх зонах, цыганоў, псіхічна хворых, проста закладнікаў – а таксама ваеннапалонных. Служыў у паліцыі…” — канец цытаты.
Апублікавана: 07 лістапада, 9-45, Менскі час.

Асобна падкрэлсіваю, што Вы, сп. Андрэй, у сваім посце не далі аніводнай спасылкі на архіўныя сведчанні наконт “знішчалі сотні тысяч”, што для глаўрэда “Нашай Нівы” не проста непрафесійна, але й ганебна і нават недаравальна.

“Домыслы, вымыслы и помыслы” з БССРаўскага мінулага, якое Вы нам усім дэманструеце, адно смеху вартыя. Звесткі бяруцца ў архівах.

Мажліва, Вы ведаеце, што я сістэмна працую ў архівах СБУ, маю допуск да ўсіх дакументаў ЧК-ВЧК-ГПУ-ОГПУ-“Смерш”-МГБ-КГБ ад 1919 да 1991 гг. Прабачце за нясціпласць, але на сённяшні дзень я, бадай, найбольш абазнаны не-савецкі беларус у гісторыі савецкіх спецслужбаў, а таксама ў асаблівасцях іх следчай, аператыўна-вышуковай і аператыўна-ўліковай дзейнасці.

Чатыры дні пасля Вашага бязлітаснага фэйсбукавага абвінавачвання М. Вітушкі ў злачынствах супраць рода чалавечага я правёў у архівах СБУ: душыўся кагэбэшным смуродам, гінуў ад гною муміфікаваных стукачоў ды інш.
Падкрэсліваю законнасць такога занятку ва Украіне, хаця не ўпэўнены ў яго карысці для традыцыйнага беларускага мозга. Архіўныя гульні вольнага розуму скончыліся тым, што я ўсё ж знайшоў інфармацыю па беларускаму нацыяналісту Міхалу Вітушку.

Я разумею, што архівы былога КГБ УССР для біяграфіі М. Вітушкі і ўвогуле гісторыі беларускага нацыянальнага антысавецкага супраціву – “няпрофільныя”. Ва Украіне сваіх нацыяналістаў і антысаветчыкаў заўсёды хапала. Але ж, з іншага боку, пасляваенныя спецслужбы СССР былі неверагодна забюракратызаванай арганізацыяй: скажам, арыенціроўкі на таго ж М. Вітушку рассылаліся не толькі ў УМГБ райаддзелаў усяго БССР, але й нават у Туркменістан і Якуцію.

Ва Украіну, між іншым, таксама. З усім комплексам усяго самага жахлівага, у чым можна было беларускіх нацыяналістаў абвінаваціць.

І частка гэтых дакументаў, на вялікі жаль для некаторых афіцыйных ідэолагаў пост-БССР, захавалася пагэтуль. І да ўсіх гэтых дакументаў я, да жалю тых “саўкоў”, маю доступ.
Прадбачу Вашую нязгоду: маўляў, згодна загаду Старшыні КГБ СССР тав. Кручкова У. А. № 00150 ад 27. 11. 1989 г. амаль усе аператыўна-уліковыя справы былі знішчаныя. Але ж засталіся, напрыклад, “Алфавитные указатели врагов Соввласти с компрометирующими материалами». Выдаваліся штогод ад 1944 г., “нумарныя”, рассылаліся ў адным асобнікам толькі начальнікам абласных Упраўленняў МГБ па СССР, “при попытке завладения врагом немедленно уничтожить путем сожжения». Ёсць таксама “літарныя” і “аператыўна-вышуковыя” справы (пра гэта не асобны пост трэба – асобны трохтомнік).

Што там ёсць наконт Міхала Вітушкі – падаю папярэдне, “наўскідку”, з таго, што асабіста я бачыў на ўласныя вочы, гартаў уласнымі пальцамі і ў праўдзівасці чаго магу паклясьціся хоць на Трэцім Статуце ВКЛ 1588 г., хоць на Бібліі, хоць на магіле Дзядоў:

а) гр. М.Вітушку, які нібыта 07. 01. 1945 г. загінуў у закалоце з МГБ пад вёскай Рудня, — ён там не загінуў. Няма пра тое аніводнага сведчання аніводнага пратакола, аніводнага цыркуляра – “зняць з пошукаў”. Таго Вітушку потым, паводле “саўсакрэтных дакументаў МГБ” да канца 1947 г дбайна шукалі, і не проста шукалі, а шукала ГУГБ, 4-ае Упраўленне (Лубянка). Падкрэсліваю – шукалі Міхала Вітушку менавіта пасля 07. 01. 1945, афіцыйнай даты загібелі. Прытым ў Гарадзенскай, Менскай і Берасцейскай абласцях шчыравалі цэлыя опергрупы (так ні храна не знайшлі). Чаму далей не шукалі – мо, забілі? Не, не забілі, гэта мана… Я магу прывесці аўтарытэтнае тлумачэнне “ветэранаў КГБ”. ГУГБ было ўпэўненае што ён перайшоў савецка-польскую мяжу ў 1947 г., а пошукі потым скінулі на палякаў, якія зрабілі выгляд, што “а тыя беларусіны не наша справа”;

б) ва ўсіх дакументах МГБ няма аніводнага сведчання, што Вітушка (таксама Кушаль, Арсеньева, Віцьбіч, Генюш, якія ў дакументах МГБ таксама густа і часта фігуруюць) непасрэдна спрычыніліся да загібелі хоць аднаго мірнага жыхара, ці да катавання такога жыхара, ці да дэпартацыі такога жыхара, ці да яго рабавання, ці да гвалтоўнай высылкі ў Трэці Райх. Хаця на іншых фігурантаў, “прислужников немецко-фашистских захватчиков», падобных сведчанняў да халеры. Напрыклад – “РОА”, “РОНА”, “120 Донский Казачий полк Waffen-SS”, “Казачий стан Waffen-SS” ды інш.

в) сярод беларускага пасляваеннага антысавецкага супраціву ёсць і беларускія яўрэйскія прозвішчы (Хасін, Рапапорт, інш), каторыя ўкрывалі беларускіх нацыаналістаў пасля вайны. Ворагаў жыдоўства нашыя разумныя і асцярожныя яўрэі дакладна б не ўкрывалі. А іх потым за “дапамогу беларускім нацыяналістам” садзіл, пра што ёсць следчыя справыі. А таму ўсе размовы пра нібыта “вынішчэнні беларускім фашыстам Вітушкам яўрэяў пасля вайны” – тупое трымценне, прыдуманае на Лубянцы;

Мяркую, каб паставіць кропку ў справе Міхала Вітушкі, варта апублікаваць тыя архіўныя матэрыялы былых савецкіх спецслужбаў, якія цяпер апрылюдненыя.

Але ў тым разе, калі я іх прадстаўлю, Вам давядзецца папрасіць прабачэння і ў чытачоў Вашага ФБ, і -упэўнены! – у чытачоў Нашай Нівы, большасць якіх асацыюе Вашае імя з назовам газеты. Калі я прадстаўлю матэрыялы, якія на 100 % абвергнуць Вашыя сцвярджэнні наконт Міхала Апанасавіча Вітушкі, то Ваш ліст, як па мне, правільна пачаць словамі: “Шаноўнае паньстве! Прабачце мяне, брахуна…”

Уладзіслаў Ахроменка, пісьменнік і драматург, а таксама даследчык архіваў савецкіх спецслужбаў

СКАН: Старонкі 325-326 «Алфавитного указателя врагов Соввласти с компрометирующими материалами» за ліпень 1945 г., № 056 для МГБ УССР, дзе і пра “загіблага 07 01. 1945 г. Міхала Вітушку”(пятая пазіцыя знізу, не блытаць з “Міхаілам Вітушкам, 1913 г., Смаленск, чацьвертая пазіцыя знізу”). За подпісам Міністра МГБ тав. Мяркулава.
Гэта самае бяскрыўднае, “для затраўкі”.

You may also like...