Канчатковае зьнішчэньне праваслаўнай царквы ў БССР – 1937 г.

У ноч 29 ліпеня 1937 г. савецкія акупацыйныя ўлады арыштавалі пагалоўна ўсё ацалелае праваслаўнае духавенства Менску, іншых гарадоў і вясковых прыходаў на тэрыторыі БССР, якая тады ахоплівала ўсходнюю частку Беларусі. Усе праваслаўныя цэрквы былі зачыненыя, маёмасьць духавенства была канфіскаваная.

Праваслаўныя Біскуп Бабруйскі Філарэт, Біскуп Слуцкі Мікалай памерлі ў турме. Біскуп Мазырскі Іван быў дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лягер, дзе памёр. Падобны лёс спаткаў многіх прадстаўнікоў духавенства і вернікаў, арыштаваных у тую ноч.

Акцыя 29 ліпеня 1937 сталася пікам савецкага тэрору супраць праваслаўнай царквы ва Ўсходняй Беларусі.

Ад 1937 г. у БССР не было ніводнай дзеючай праваслаўнай царквы і ніводнага духаўніка. Рэлігійна-царкоўнае жыцьцё было цалкам здушанае. Агулам камуністы зьнішчылі ва Ўсходняй Беларусі каля 2500 праваслаўных цэркваў, 23 манастыры. Ахвярамі рэпрэсій сталіся 2000 прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства. Падобны лёс спаткаў і іншыя рэлігійныя арганізацыі ў БССР: каталіцкія, габрэйскія, пратэстанцкія, мусульманскія.

У 1943 годзе, у час Другой Сусьветнай Вайны, сталінскі рэжым вырашыў паставіць праваслаўную царкву на службу сваім прапагандысцкім мэтам. У Маскве пад кантролем камуністычных уладаў з рэштак амаль зьнішчанай праваслаўнай царквы былі сфармаваныя і актывізаваныя структуры арганізацыі, вядомай сёньня як Расейская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату. З таго часу РПЦ-МП, інфільтраваная прадстаўнікамі савецкай тайнай паліцыі, сталася інструмэнтам палітыкі Крамля, якім яна застаецца па сёньняшні дзень.

У 1927 годзе ў Беларусі была абвешчаная незалежная ад Масквы Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, прыходы якой цяпер дзейнічаюць у эміграцыі.

You may also like...