З справаздачы пра беларуска-нямецкія стасункі – жнівень 1920

Са справаздачы шэфа Дыпляматычнае Місіі БНР у Нямеччыне Леаніда Баркова ад 14 жніўня 1920 г.:

Нямецкі ўрад, таксама нямецкія палітычныя і фінансавыя колы, уведзены ў курс становішча беларускага пытаньня і азнаёмлены зь летуценьнямі беларускага народу.

Прызнаньне незалежнасьці Беларусі Нямеччынай ня можа быць зроблена перш такога прызнаньня з боку дзяржаў Антанты, згодна з арт. 117 міравой умовы ў Вэрсалю.

Нягледзячы на гэта, прыкметы фактычнага прызнаньня ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі відны ў афіцыальных зносінах нямецкіх дзяржаўных устаноў і загранічных прадстаўніцтваў у Бэрліне зь беларускай місіяй у Нямеччыне; на практыцы гэта выражаецца ў прызнаньні і візаваньні беларускіх пашпартоў як нямецкімі паліцэйскімі ўладамі, так і німаль усімі консульствамі загранічных дзяржаў.

Агульнае палажэньне беларускага пытаньня ў Нямеччыне адзначаецца спагаднымі адносінамі да нас як Ураду, так і грамадзкіх колаў. Надзеі на рэальную дапамогу ў данны момант з боку Нямеччыны ня могуць быць апраўданы, дзеля неакрэсьленага палажэньня як у самой Нямеччыне, так і тым болей на Беларусі.

(Архівы БНР, Том 1, Кніга 1, с. 844)

You may also like...