Заява Рады БНР аб ператрусе ў былога дэпутата парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Мікалая Аксаміта

Заява Рады БНР аб ператрусе ў былога дэпутата парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Мікалая Аксаміта

8 лютага ў Ваўкавыску адбыліся арышты прадпрымальнікаў і ператрусы ў кватэрах апазыцыйных актывістаў.

У тым ліку, быў праведзены ператрус у хаце былога дэпутата Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Мікалая Аксаміта, які мае непасрэднае дачыненьня да прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі і наданьня ёй статусу канстытуцыйнай сілы, зацьвярджэньня Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і Гербу “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў. У іншай краіне такі чалавек меў бы пашану ад дзяржавы – у Беларусі, што паказальна, Мікалай Аксаміт вось ужо некалькі гадоў ня можа ўладкавацца на працу.

Сярод іншага, у Мікалая Аксаміта былі канфіскаваныя дакумэнты, якія маюць дачыненьне да ягонай дэпутацкай дзейнасьці 1990-1995 гадоў, два дэпутацкія пасьведчаньні, а таксама два Бел-Чырвона- Белыя Сьцягі. Пры гэтым супрацоўнікі спэцслужбаў заявілі, што сям’я ня мае права захоўваць у сябе гэтыя сьцягі.

Канфіскацыя дакумэнтаў, зьвязаных з працай у парлямэнцкай Апазыцыі БНФ – праява мэтанакіраванай палітыкі па вынішчэньню з грамадзкай сьвядомасьці усяго, што мае дачыненьне да абвяшчэньня Незалежнасьці ў 1918 годзе і яе аднаўленьня ў 1991 годзе. Гэта ёсьць праява выразнай антынацыянальнай палітыкі, накіраванай на вынішчэньне культуры, палітыкі, несумяшчальнай з нацыянальнай уладай. Тое, што беларускай сям’і забараняецца нават захоўваць нацыянальныя сьцягі, яскрава пацьвярджае, што, нягледзячы на заявы пра “лібэралізацыю” ды “дэмакратызацыю”, рэжым Лукашэнкі застаецца антынацыянальным і антыбеларускім.

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
9 лютага 2009

You may also like...