а. Язэп Германовіч пра архімандрыта Фабіяна Абрантовіча

Фабіян Абрантовіч

Урывак з кнігі “Кітай – Сібір – Масква”, успамінаў Язэпа Германовіча пра ўвязьненьне ў савецкім Гулагу. Фабіян Абрантовіч – дзеяч беларускага хрысьціянаскага руху, радны БНР.

Архімандрыт Фабіян Абрантовіч

«Бацька – за парог,
дзеткі – за пірог».

Мушу тут найлепшым словам успомніць і расказаць аб двух галоўных дзеячох нашай харбінскай Місіі, якія былі зьліквідаваныя ў Савецкім Саюзе, аб Фабіяне Абрантовічу і аб Андрэю Цікоце.

Як людзі гінуць у Сав. Саюзе, мы нічога ня можам даведацца: яны там бясьсьледна нікнуць, як камень ў глыбокай вадзе! Гісторыя сьветчыць, што розныя рэжымы мелі свае спосабы нішчэньня праціўнікаў: рымскія цэзары крыжавалі, але аддавалі цела замучаных. Француская рэвалюцыя адсякала галаву (гілятына), але аддавала хоць пасечанага. Гітлер страляў, труціў, паліў… але заставаўся хоць попел. А Савецкі Саюз перавышыў усіх – «ліквідуе»… І ўжо ні аб жывым, ні аб памерлым не застаецца ні весткі, ні сьледу! Але да гэтага наш «вольны»-«культурны» сьвет прывык. Прапаў чалавек, як муха і ніякі «чырвоны крыж» яго ня знойдзе!

Так загінула маса нашых найлепшых, найбольш цэнных людзей-сьвятароў, навукоўцаў, пісьменьнікаў, дзеячоў і вялікія грамады народу. Але мы верым, што яны ўпісаныя ў рэестры Божага Провіду і ўвойдуць у вечную памяць нашчадкаў.

29-га красавіка 1939 году я, едучы паўторна ў Манджурыю, спаткаўся ў Шанхаі з Архім. Ф.Абрантовічам. Ён ехаў у Рым, каб даць Сьв. Айцу Пію ХІІ-му справаздачу з сваёй працы ў Харбіне, дзе выконваў абавязкі Апостальскага Адміністратара (Ордынарыя). Я ўжо працаваў пад рукой Айца Фабіяна ў Харбіне ў гадох 1932-1936, і быў тады кіраўніком Ліцэю сьв. Мікалая і заступнікам Ордынарыя. Абрантовіч з Рыму меўся вярнуцца пасьля 3-4 месяцаў. У гэтым часе меў намер адведаць сваіх прыяцеляў у Варшаве, у Вільні, у Львове, а такжа сваіх родных у Наваградку.

Я прачуваў небясьпеку і баяўся, што Абрантовіч ад’яжджае на такі доўгі час. Мы зь ім у Шанхаі прывіталіся і развіталіся, ня ведаючы, што болей ня ўбачымся. Ён вёз з сабой ў Рым на студыі двух клерыкаў з закону Марыянаў – Г.Бранчанінава і Андрэя Каткова. Пасьля 20-ці гадоў я сустрэў А.Каткова ў Рыме – ён быў маладьм біскупам (у «Руссікум»). А самога Абрантовіча я не дачакаўся ў Харбіне і не знайшоў яго ані ў Сібіры, ані ў Польшчы і нідзе, бо ён быў ужо ў Саветах «зьліквідаваны».

Пасьля вялікіх допытаў, я даведаўся аб ім толькі вось што: пад восень 1939-га году Ф.Абрантовіч з Рыму праз Варшаву і Вільню даехаў да Наваградка і там захапіла яго Польска-Нямецкая вайна. Фабіян яшчэ пасьпеў у паваротнай дарозе даехаць да Львова, дзе трапіў у рукі савецкага НКВД. У сьледчым пункце No.83 ён быў страшэнна мучаны і катаваны ў кастрычніку 1939 году. Далейшыя нашыя весткі аб Ф.А. ня былі ані пэўныя, ані згодныя. Гаварылі людзі, што Абрантовіч у Львове памёр замучаны; навет адзін польскі капітан цьвердзіў мне ў лягеры аб сьмерці Ф.А. і назваў дату 17.Х.1939; што хутка пасьля сьледзтва ў Львове ён быў растраляны, і, што ён памёр у цягніку, як везьлі яго з Масквы ў Сібір.

Калі мы былі перакананыя, што Ф.Абрантовіч зьгінуў у 1939 годзе і ад таго часу ня было аб ім «ні слуху, ні духу», дык знайшоўся ў 1959 годзе новы сьветка, сьвятар-салезіянін, Ян Капуста, супэрыёр законнага дому ў Лодзі. Ён мне расказаў наступнае:

– Я ў 1943-ім годзе сядзеў у камэры, у «паказной» турме Масква-Лубянка, з Фабіянам Абрантовічам. З намі сядзелі два сьвятары-езуіты, Віктар Новікаў і другі з Амэрыкі. Абрантовіч пачуваўся нядрэнна. Варункі тамашняй турмы, «паказной», у параўнаньні да турмаў звычайных савецкіх, і культурныя і дагодныя, але затое ў ёй я ня доўга папасываўся. У верасьні 1943 году мяне адтуль забралі ў этап. Болей я аб А.Фабіяне і аб другіх нічога ня чуў.

І ўжо далей ня маем ніякай весткі ні аб жыцьці, ні аб сьмерці а. Абрантовіча.

На допытах у Чыце я моцна дзівіўся, што мой сьледчы – маёр Іваноў – абмінаў асобу і прозьвішча а. Фабіяна і ў мае пратаколы яго ня ўпісываў. Я-ж сам ня мог і не павінен быў уцягваць Абрантовіча ў адказнасьць, хоць нашыя харбінскія справы ўсьцяж перапляталіся… Тымчасам, як мне добра ведама, савецкі суд заўсёды ў групавых працэсах, зводзіць на допыты ўсіх удзельнікаў і сьветкаў – патрэбных і непатрэбных, а так-жа экспэртаў, каб выявіць усякую дробязь і мацней засудзіць групу. Каб быў-бы Абрантовіч жывы, ён стаўся-б цэнтральнай фігурай нашага працэсу, як закладчык Харбінскай Місіі і школаў. Але аб ім ні Іваноў, галоўны сьледчы, ні іншыя ані слова! Значыць, у 1949 годзе а. Фабіян ня быў жывы.

Таксама на допыце архімандрыта Андрэя Цікоты і нашага сакратара Віктара Ўласава не ўспаміналі аб а. Фабіяне, хоць яны ў сваёй дзейнасьці сутыкаліся зь ім, а Цікота двойчы быў ягоным зьверхнікам. Дык з усяго выходзіць, што Ф.А. зьгінуў у Савецкім Саюзе нейкай загадкавай, трагічнай сьмерцяй: значыць, быў «зьліквідаваны» пасьля 1943 году. Бо, каб памёр сваёй сьмерцяй на вольным пасяленьні, ці ў лягеры, дык былі-б ягоныя пісьмы ў родных, або ў знаёмых, ці выявіліся-б нейкія іншыя сьветкі. А дасюль ніякія пошукі, што рабілі прыяцелі й вучні Абрантовіча, не далі ніякага выніку. (Калі-б хто ведаў, або хоць чуў штоколечы аб далейшых падзеях, месцы жыцьця і сьмерці а. Фабіяна Абрантовіча, няхай будзе ласкаў паведаміць нас аб гэтым паводля адрасу: Italia. Roma. Via Corsica Nr.I. Superiore Generale.) * * *

Нязьмерная страта для Беларускага Народу, што такі выдатны Чалавек-вучоны, філязоф, сьвятар, прамоўца, прафэсар, дзеяч – з прычыны рэвалюцыі і прасьледу ворагаў, ня мог нармальна працаваць у сваім краі, быў адарваны ў 1928 годзе і пасланы на працу між чужымі ў Манджурыю і нарэшце загінуў як мучанік у Савецкім Саюзе! І факт сьмерці затоены, і ягоная магіла – няведамая… Цяжкая доля а. Фабіяна, запраўды Божага Чалавека, ёсьць цяжкой доляй і вялікай стратай для ўсяго нашага народу.

Трэба старанна зьбіраць факты з жыцьця й сьмерці нашых слаўных, вялікіх людзей, правадыроў адраджэньня, каб не гасла аб іх памяць у Беларусі! Яны – патрыёты, дзеячы, сьвятары – сваёй ахвярнай працай добра заслужылі на трывалы помнік, а многія зь іх годныя свайго вянка мучанікаў, які атрымалі. * * *

Працаваў а. Фабіян для свайго народу шмат, ахвярна і карысна, як аб тым сьветчаць ягоныя вучні і супрацоўнікі. Да першай вайны і падчас яе жыў ён у Пецярбурзе, дзе скончыў духоўную сэмінарію і акадэмію. Прабыўшы 2 гады ў Бэльгіі на вышэйшых студыях у Лювэне, вярнуўся ў Пецярбург і стаўся прафэсарам у духоўнай сэмінарыі. Пасьля рэвалюцыі 1917 г. ён арганізуе духоўную сэмінарыю ў Менску і ён – ейны першы рэктар; пераносіцца зь ёй у Наваградак і працуе там памысна, покуль інтрыгі ворагаў ад гэтай працы яго не адсунулі. Прытым усюды Абрантовіч будзіў беларускую сьведамасьць і любоў да Бацькаўшчыны. Таксама церпяліва, ахвярна і вытрывала ён працаваў у беларускіх навуковых, рэлігійных і грамадзкіх арганізацыях і ў выдавецтве.

Неспакойнае, клапатлівае і небяспечнае жыцьцё ў Пецярбурзе, а пасьля ў Менску, падчас вайны і рэвалюцыі, а таксама эканамічныя труднасьці, як і нездароўе (рэўматызм) перашкодзілі нашаму філязофу аддацца працы прафэсарскай і навуковай. А ў гэтай галіне а. Фабіян мог і павінен быў унесьці паважны ўклад у нашую народную культуру. Ён моцна адчуваў сваё пакліканьне і патрэбу навукова-рэлігійнай працы і вельмі шкадаваў, што, як казаў, «галавой сьцяны не праб’еш!» Так яго адсунулі ад прафэсуры – аж і зусім не далі магчымасьці працаваць і жыць у роднай атмасфэры.

Абрантовіч – ведамы выдатны прамоўца: гаварыў словам жывым, вобразным, пабуджаючы думку й пачуцьце. Ягоная мова адразу ўцягвала слухачоў і моцна зацікаўляла: навет найбольшыя гультаі на ягоных лекцыях і навуках не маглі ні на хвілінку задрамаць. Ставіў ясную тэму, як сьв. Тамаш Аквінат, а пасьля разьвіваў яе так лягічна, што кажны слухач улучаўся ў ягоныя доказы і ня толькі чакаў, але сам згадваў наперад,… «што будзе далей», і чакаў, як прафэсар разблытае трудны вузёл. І дзівіліся вучоныя і студэнты, як наш прафэсар выясьняў проста, даступна і лёгка самыя важкія праблемы.

Мова Абрантовіча маляўнічая, сказы кароткія, крытыка вострая, а досьціп мэткі й глыбокі. Ягоныя дацінкі бывалі такія ўдалыя, што праціўнікі нямелі, або ня ведалі, куды схавацца, або гарэлі ад сораму, ці ад злосьці. Асабліва ён моцна бічаваў штучную вучонасьць, фарызэйства і фанабэрыю. Тады выклікаў на сябе буру нападаў, нянавісьці і інтрыгаў ворагаў; а прыяцелі радзілі яму, каб «не нарываўся». Ён бываў занадта адкрыты і шчыры, як Саванароля, але просты і пакорны як Сьв. Франьцішак. Сам, будучы «простага сэрца», ня мог сьцярпець крутні й хлусьні. Яму часта не ставала «зьмяінай растаропнасьці», укладнасьці й празорлівасьці.

У красамоўстве Абрантовіч напамінаў Адама Міцкевіча, свайго суродзіча з Наваградку. А.Фабіян знаў глыбока літаратуру польскую, расейскую й заходнюю; чытаў вельмі шмат. Аднак-жа ягоны стыль ня быў кніжным. Ён заўсёды гаварыў і пісаў мовай сваёй, параўнаньні, сказы, прыклады ён браў з жыцьця. Часта бывала, што трапныя звароты, дасьціпныя заўвагі і ўдалыя жарты Абрантовіча разыходзіліся далёка й шырока ды ставаліся народным багацьцем.

Людзі яго называлі: «наш Прафэсар», «наш Фабіян», «наш Абрантовіч»… Гэты дзіўны назоў «наш» давалі яму паўсюдна. Такі «голас народу» азначаў чалавека, што вырас з нашага грунту й рос ды красаваўся на сваёй зямлі – наш, родны й дарагі Сын Беларусі.

Бог яго абдарыў навет вонкавым багацьцем натуры: ён меў зычны, высокі першы тэнар, чуткае вуха; знаўся на музыцы й сам быў артыстым. Пацягваў людзей ня толькі думкай і словам, але таксама мімікай і жэстам. Навука, значэньне й павага Абрантовіча вызначалі яго так, што нерашучыя людзі ня важыліся да яго прыступіцца. Але ён, бачачы гэтае, сам падыходзіў да іх і загаварываў да кажнага проста й прыязна. А мог гаварыць пабеларуску, папольску, парасейску, пафранцуску, панямецку. Уладаў і пісаў мовай лацінскай; чытаў і разумеў мову італьянскую й ангельскую, старагрэцку й славянску. І ад усяго гэтага ў Фабіяна, як гэта кажуць, «ня ўскружылася галава», ня было «мухаў у носе»: чалавек быў заўсёды сам-сабою – бяз штучнай афарбоўкі.

У нас калісьці бывала, што чалавек, які крышачку падвучыўся, дык часта – ці то ў хаце, ці на эміграцыі – сароміўся сваёй мовы, як мовы «простай». А наш вялікі вучоны, доктар філязофіі, Фабіян Абрантовіч, простай мовы ніколі ня чураўся, бо сам ён быў так «Просты» і ня ўмеў крывіць душы. Ён бязь ніякай цырымоніі зьвяртаўся пабеларуску да паноў, пралатаў і біскупаў. Гэтак званыя «вялікія гэтага сьвету» ня любілі Абрантовіча, бо ня прызнавалі беларусаў, як асобны народ, – ажно крытыкавалі а. Фабіяна ў газэтах. Але ён адважна бараніў справу, паводля патрэбы, толькі-ж самога сябе не бараніў ніколі.

Беларускае перакананьне было Абрантовічу вялікай перашкодай у кар’еры. Каб ён назваў сябе палякам, дык меўбы найлепшае становішча й тытул. Аднак яго нельга было ні ашукаць, ні запалохаць, ні падкупіць. Здаралася ў нас нямала здольных людзей, што за тытулы, за фіалеты і гонары, або дзеля якой карысьці, ці із страху адракаліся свайго народу. Але людзі з характарам, сумленныя і разумныя, на такую спакусу не пайшлі і свайго народу не пакінулі. Да такіх бяссумлеўна належаў наш змагар за веру і за народ а. Фабіян.

Гітлер і Сталін, як-бы згаварыўшыся, ужывалі да беларусаў аднолькавую сыстэму перасьледу: бязбожнасьць фашыстых і камуністых прыводзіла да перасьледу каталіцкай рэлігіі. Прагавітасьць зь іхнага боку на нашую зямлю прыводзіла да перасьледу і «ліквідацыі» беларусаў.

Гітлер прынамсі не хаваў, што пасьля памыснай вайны загорне ўсю Беларусь, выкіне жыхароў, а зямлю аддасьць сваім. А бальшавікі, хоць гавораць іншае, робяць тое самае: беларусаў вывозяць, касуюць раёны й вобласьці, у школах і ўрадах уводзяць расейшчыну, – адным словам, у самай сярэдзіне Эўропы твораць «Вялікую Беларускую Пустыню», якую засяляюць маскалямі, бо Гітлеру гэта не ўдалося!

Расказваў мне ў лягеры 0,20 (група «Ангар-Лаг») капітан польскай арміі Л., які ў 1939 г. сядзеў з Абрантовічам у турме ў Львове. На сьледзтве бальшавікі ўжывалі да айца найвышэйшы нумар сваёй інквізыцыі – аж да іголак пад пазногці і ўліваньне вады ў лёгкія, каб прызнаўся да закідаў, якія ім былі патрэбныя. Аднак а. Фабіян Абрантовіч не паддаўся – яго зламалі толькі фізычна, а пасьля зьліквідавалі як запраўднага Мучаніка за веру й за Бацькаўшчыну.

а. Язэп Германовіч. Кітай – Сібір – Масква. Успаміны

You may also like...