Андрэй Якубецкі

5 кастрычніка 1892 г. у Гарадзенскім павеце нарадзіўся Андрэй Якубецкі, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, беларускі вайсковец і грамадзкі дзеяч.

Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1912), настаўнічаў. Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча.

Удзельнік І Сусьветнае Вайны, у лютым 1918 дэмабілізаваны ў чыне капітана.

У лістападзе 1918 увайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, адзін з ініцыятараў склікання Гарадзенскага беларускага сялянскага зьезда (1918), старшыня створанай зьездам Гарадзенскай павятовай рады. У ліпені 1919 абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, кааптаваны ў Беларускую вайсковую камісію (БВК) і прызначаны намесьнікам старшыні камісіі. Восеньню 1920 у Лодзі аднавіў дзейнасьць БВК і стаў яе старшынём, у кастрычніку ў Гродне займаўся вярбоўкай жыхароў у склад беларускіх воінскіх фармаваньняў.

У лістападзе 1920 з групай беларускіх афіцэраў выехаў у м. Семежава Слуцкага павета для падтрымкі Слуцкага збройнага чыну. Найвышэйшай радай БНР прызначаны Галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Беларусі. Пасьля збойнага чыну — у Вільні.

У лютым 1922 у ліку 33 беларускіх і летувіскіх нацыянальных дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літоўскую Рэспубліку. 3 мая 1922 у Латвіі, выкладаў у Дзьвінскай беларускай гімназіі, удзельнічаў у працы мясцовых беларускіх грамадзкіх арганізацый, супрацоўнічаў зь беларускім музэем імя І. Луцкевіча ў Вільні. Быў абвінавачаны ў антыўрадавых дзеяньнях у час судовых працэсаў над беларускімі нацыянальнымі актывістамі ў Латвіі, апраўданы судом.

Падчас II Сусьветнай Вайны кіраваў Дзвінскім аддзяленьнем Беларускага нацыянальнага аб’яднаньня ў Латвіі. Пасьля 1944 лёс невядомы.

You may also like...