Адкрыты ліст да Ўладзіміра Зяленскага, Прэзыдэнта Ўкраіны

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла выступіла з адкрытым лістом на адрас Прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Шаноўны спадар Прэзыдэнт,

Зьвяртаюся да Вас ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — прадстаўніцтва сувэрэнных правоў беларускага народу, выяўленых у праватворчым акце 25 сакавіка 1918 г.‚ зафіксаваным Трэцяй устаўной граматай БНР. Рада БНР выконвае функцыі дзяржаўнага заканадаўчага органу і ўраду ў выгнаньні, аналягічна з тым, як выконваў свае абавязкі Ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі ў экзылі, пакуль у 1992 годзе ня склаў свае паўнамоцтвы перад прэзыдэнтам і Вярхоўнай Радай незалежнай Украіны.

Рада БНР заўсёды падтрымлівала памкненьне ўкраінскага народу да свабоды і незалежнасьці, і ў 2014 годзе асудзіла агрэсію пуцінскай Расеі супраць Украіны. У апошнія дні Рада БНР і я асабіста як яе Старшыня яшчэ раз выказалі сваю падтрымку ўкраінскаму народу, заклікалі беларусаў да салідарнасьці ў змаганьні супраць захопніцкай палітыкі Крамля.

Беларускі народ — супраць вайны. Магчыма, Вам вядома, што 27 лютага г.г. тысячы людзей і ў Менску, і ў іншых гарадах выйшлі з пратэстамі супраць нападу Пуціна на Ўкраіну і падтрымкі гэтай агрэсіі з боку Лукашэнкі, якому народ адмовіў у легітымнасьці. Каля 1000 чалавек былі затрыманыя, многія зь іх асуджаныя. Пратэсты працягваюцца і цяпер.

Мушу заверыць Вас, спадар Прэзыдэнт, што і надалей беларускія патрыёты — як у самой Беларусі, гэтак і ў замежжы — будуць падтрымліваць украінскі народ. У нас агульны вораг — імпэрская Расея.

На вялікі жаль, мне даводзіцца зьвярнуць Вашую ўвагу і на тое, што цягам апошніх дзён у шматлікіх украінскіх мэдыях, сацыяльных сетках, а таксама сярод некаторых дзяржаўных пасадоўцаў назіраецца мэтанакіраванае цкаваньне і беспадстаўнае абвінавачваньне ўсяго беларускага народу ва ўдзеле ва ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, і патаканьні дзеяньням Расеі з боку рэжыму Лукашэнкі.

Наступствы такіх захадаў выходзяць па-за межы віртуальнай прасторы, адбіваюцца на дзеяньнях людзей, а таксама могуць мець непапраўныя вынікі як у канкрэтных выпадках, так і дзеля дачыненьняў паміж нашымі народамі.

Хачу падкрэсьліць, што беларускі народ знаходзіцца ва ўмовах падвойнай акупацыі. З аднаго боку гэта рэжым Лукашэнкі, які ня ёсьць легітымным пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 г., а пасьля так званых «выбараў» у жніўні 2020 г. краіна ператвораная ў канцлягер. Зь іншага боку гэта пуцінскі рэжым, падтрымка якога ёсьць адзіным апірышчам Лукашэнкі, і гэтая сытуацыя ўзьнікла задоўга да жніўня 2020 г.

Беларускі народ заўсёды падтрымліваў украінцаў у іх змаганьні за свабоду, прыкладам чаго ёсьць вялікая колькасьць тых, хто з 2014 г. аж па сёньня змагаецца і аддае свае жыцьці ў барацьбе супраць расейскага агрэсару.

У гэты нялёгкі час зьвяртаемся да Вас з просьбай аб перапыненьні захадаў, скіраваных на аўтаматычнае атаесамленьне беларусаў зь нелегітымным рэжымам Лукашэнкі. Мы просім Вас зьвярнуцца да чынавенства і мэдыяў з тым, каб прыпыніць беспадстаўнае цкаваньне і абразы беларусаў, наўпроставае асацыяваньне беларускага народу з дыктатарам, а таксама нівэляваньне высілкаў беларусаў у іх шматгадовым змаганьні супраць рэжыму Лукашэнкі.

Таксама просім Вас нагадаць ім пра сталую падтрымку ўкраінскага народу з боку беларусаў у Вашым змаганьні за дэмакратыю, незалежнасьць і эўрапейскую будучыню. У гэтай сытуацыі ня можа быць калектыўнай адказнасьці і калектыўнай віны.

Мы молімся за перамогу Ўкраіны і спадзяемся, што пасьля яе Ўкраіна і ўкраінцы падтрымаюць Беларусь у барацьбе супраць нелегітымнага дыктатара, а таксама ў змаганьні за незалежнасьць і рэалізацыі яе эўрапейскай будучыні.

З павагай,

Івонка Сурвілла

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

4 сакавіка 2022 г.

You may also like...