Ісак Лур’е

23 жніўня 1890 г. у Пінску нарадзіўся Ісак (Аляксандар) Лур’е – беларускі журналіст, дыплямат БНР у краінах Скандынавіі і Нямеччыне.

Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і, ягоным бацькам быў фабрыкант і актывіст сіянісцкага руху Рыгор Лур’е.

Скончыў рэальную гімназію ў Пінску і Імпэратарскі Археалягічны Інстытут у Маскве, а даксама праўніцкі ліцэй. Быў сябрам рэдакцыйнае калегіі газэты “Пинскій листокъ”.

Падчас Першае Сусьветнае Вайны быў у Стакгольме, дзе рэдагаваў расейскамоўнае выданьне “Скандинавскій вѣстникъ” (1915 – 1918 гг.).

Як чалавек, які меў стасункі зь вядомымі габрэйскімі дзеячамі (Хаімам Вэйцманам, Нагумам Сакаловым, Леам Моцкіным), прадстаўляў Беларускую Народную Рэспубліку за мяжой.

У 1919—1921 – консул і гандлёвы агент БНР у Капэнгагене, стварыў тут прэс-бюро Наладжваў кантакты таксама са швэдзкімі ўрадавымі коламі. Актыўна перакладаў з дацкае й швэдзкае моваў газэты і рабіў дайджэст для ўраду БНР, каб мець разуменьне, як ставяцца да Ўсходняе Эўропы й Беларусі дацкія й швэдзкія палітычныя і дзелавыя колы.

У студзені 1921 г. Пераехаў у Коўна, дзе стаў выдаўцом Бюлетэню Беларускага Прэс-Бюро. Пасьля быў пераведзены ў Бэрлін, а адтуль у Данцыг, дзе таксама працаваў журналістам і выдаўцом.

Быў паліглётам, акрамя беларускай мовы і йідыш валодаў расейскай, польскай, нямецкай, францускай, дацкай і швэдзкай мовамі.