Іван Краскоўскі

24 чэрвеня 1880 г. у Бельскім павеце нарадзіўся Іван Краскоўскі – беларускі і ўкраінскі дзяржаўны дзеяч, сябра ўраду Украінскай Народнай Рэспублікі, старшыня ўкраінскай дыпляматычнай місіі на Каўказе, кансультант і ўпаўнаважаны прадстаўнік Беларускай Народнай Рэспублікі, член прэзыдыюму Дзяржпляна БССР.

Скончыў гімназію ў Вільні. З 1903 па 1905 гг. навучаўся на гісторыка-філялягічным факультэце Варшаўскага Ўнівэрсытэту, Удзельнічаў у нелегальным студэнцкім гуртку, за што быў выключаны з унівэрсытэту. Пасьля пераехаў у Санкт-Пэтэрбург, дзе працягнуў навучаньне ў Пэтэрбурскім Унівэрсытэце па спэцыяльнасьці гісторыка-эканаміста.

Па сканчэньні ўнівэрсытэту ў 1907 г. пераехаў у Вільню, дзе да 1914 г. выкладаў у гімназіях, удзельнічаў у беларускім грамадзкім руху.

Улетку 1915 г. пераехаў у Кіеў, дзе працаваў у Зямельным Саюзе. Член БСГ; БСДП.

У верасні 1917 г. на зьездзе народаў у Кіеве прадстаўляў беларускія нацыянальныя арганізацыі.

Быў арыштаваны бальшавікамі ў сьнежні 1917 г.

У 1918 г. уваходзіў у склад урада Украінскай Народнай Рэспублікі. Быў першым паслом Украіны ў Грузіі.

Падчас працы ва ўкраінскім урадзе таксама выступаў кансультантам місіі Беларускай Народнай Рэспублікі на перамовах з урадам Украіны. У кастрычніку 1918 г. быў афіцыйна ўпаўнаважаны Народным Сакратарыятам БНР дзеля вядзеньня перамоваў з урадамі Расеі і Ўкраіны аб афіцыйным прызнаньні незалежнасьці Беларусі.

У 1920 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. З 1922 дырэктар Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі ў Латвіі.

Зь лета 1925 г. у Менску, працаваў у БДУ, Інбелкульце (потым БелАН). Старшыня сацыяльна-культурнай сэкцыі і член прэзыдыюму Дзяржпляна БССР.

З 1930 у Дзяржплане СССР. У пэрыёдыцы быў зьмешчаны анонс ягонай кнігі “Гісторыя Беларусі”.

Арыштаваны ОГПУ СССР 8 ліпеня 1930 г. па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”. Этапаваны для сьледства ў Менск. Пастановай Калегіі ОГПУ ад 10 красавіка 1931 г. сасланы на пяць гадоў у Куйбышаў (цяпер Самара, Расея).

Зноў арыштаваны НКВД СССР 4 лістапада 1937 г. Рашэньнем ад 4 сакавіка 1940 г. тэрмін папярэдняга зьняволеньня залічаны ў тэрмін адбывання пакараньня. Вызвалены 19 сакавіка 1940 г., да пэнсіі працаваў школьным настаўнікам у Куйбышаўскай вобласьці.

У 1952 годзе Краскоўскі выехаў у Чэхаславаччыну да дачкі Людмілы (L̕udmila Kraskovská), якая працавала ў музэі ў Братыславе і ў будучыні стала вядомым славацкім экспэртам па нумізматыцы.

Іван Краскоўскі памёр у Братыславе ў 1955 годзе.

Па першым прысудзе рэгабілітаваны 22 траўня 1962 г., па другім прысудзе рэгабілітаваны Куйбышаўскім абласным судом 10 чэрвеня 1988 г.


Рукапісы не гараць. Іван Краскоўскі