Ян Станкевіч

26 лістапада 1891 г. у Ашмянскім павеце нарадзіўся Ян Станкевіч, радны БНР, дэпутат польскага Сойму, доктар славянскай філялёгіі й гісторыі (1926), дзеяч беларускай дыяспары ў Нямеччыне і ЗША.

У Першую Сусьветную Вайну служыў у дзеючай расейскай арміі. Удзельнік зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў у Менску (сакавік 1917), зьезду настаўнікаў Менскай губэрні (травень 1917).

Зь сьнежня 1917 у Вільні, удзельнік стварэньня Беларускага навуковага таварыства, у студзені 1918 абраны ў склад Віленскай беларускай рады, удзельнічаў у сэсіі Рады БНР у Менску (24-25 сакавіка 1918).

У лістападзе 1918 кааптаваны ў склад Летувіскай Тарыбы. Пасьля прыходу ў Вільню Чырвонай Арміі працаваў у літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасьветы Летувіска-Беларускай ССР, загадваў беларускім выдавецтвам «Веда». У час польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў сябра Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны й Гарадзеншчыны, прэзыдыюму Беларускай цэнтральнай школьнай рады.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1921), Карлаў унівэрсытэт у Празе (1926). Доктар славянскай філялёгіі й гісторыі (1926). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім унівэрсытэце (1928—1932) і Ўнівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1927—1940). Друкаваўся ў часопісе «Крывіч», заходнебеларускіх выданьнях.

Ян Станкевіч быў паслом Сойму Польшчы (1928—1930).

У 1940 Янка Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасьці Беларускага камітэту. Ян Станкевіч супрацоўнічаў з Вацлавам Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падпольлем, стварыў кансьпірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасьці зьяўлялася адбудова беларускай дзяржаўнасьці ў апоры на Польшчу.

З восені 1941 году Ян Станкевіч жыў у Менску, куды перамясьціўся і ЦК Партыі беларускіх нацыяналістаў, нядоўга працаваў у школьным аддзеле Менскай управы. Станкевіч быў сябрам Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзелу Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства. Выкладаў гісторыю Беларусі ў падафіцэрскай школе паліцыі ў Менску.

З 1944 у эміграцыі. У Нямеччыне ён аднавіў дзейнасьць Беларускага навуковага таварыства. З 1949 Ян Станкевіч жыў у ЗША, удзельнічаў у працы Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, Беларуска-амэрыканскага зьвязу, выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў зь Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і ягоным выданьнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газэтай «Бацькаўшчына» (Мюнхэн), «Беларус» (Нью-Ёрк) і інш. Заснавальнік (разам са Станіславам Станкевічам) Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.

Я. Станкевіч – аўтар працаў па беларускай гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўстве («Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзьнікненьня», 1930; «Час узьнікненьня беларускага і ўкраінскага народаў», 1931; «Крыўя-Беларусь у мінуласьці», 1942; «Этнаграфічная і гістарычная тэрыторыі і граніцы Беларусі», 1953, на беларускай і ангельскай мовах; «3 гісторыі Беларусі»,1958; Mova rukapisu Al Kitab. Kryvickaha muzeju Ivana Łuckieviča u Vilni. Čaść 1. Fonetyka, New York, 1954; «Нарысы з гісторыі Вялікалітвы-Беларусі», 1978). Беларусь называў Крывіяй (зыходзячы з «крывіцкай» канцэпцыі этнагенэзу беларусаў) ці Вялікалітвой. Трансьлітарыраваў кітаб 1-й паловы 18 ст.(Кітаб Івана Луцкевіча). Падрыхтаваў «Беларуска-расейскі (Вялікалітоўска-расейскі) слоўнік» (выд. ў 1990).

Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі, ЗША.