Эдвард Вайніловіч

13 кастрычніка 1847 г. у маёнтку Сьляпянка каля Менску нарадзіўся Эдвард Вайніловіч, беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, мэцэнат, актыўны сымпатызант ідэі беларускай незалежнасьці і Радзе БНР.

Прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду. З мэдалём скончыў Слуцкую гімназію (1861), Пэтэрбурскі Імпэратарскі Тэхналягічны Інстытут (1869). У 1872 годзе стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Стажыраваўся на заводах Нямеччыны і Бэльгіі, пазьней працаваў інжынэрам-тэхнолягам на Путілаўскім заводзе ў Пэтэрбургу.

Па сьмерці бацькі пераехаў у Савічы, дзе займаўся арганізацыяй сельскагаспадарчае працы на аснове найноўшых дасягненьняў у гэтай галіне. У 1883 годзе прызначаны ганаровым міравым судзьдзём Слуцкага павету, а ў 1888 годзе абраны віцэ-старшынём Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі.

Тройчы абіраўся ў расейскую Дзяржаўную Думу. У 1906 годзе — чалец Дзяржаўнага Савету Расеі ад Менскай губэрні. Адмовіўся ад прапанаванай П. Сталыпіным пасады віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі.

Сымпатызаваў беларускаму руху, фінансава падтрымліваў яго, нягледзячы на ідэалягічныя супярэчнасьці зь ягонай тагачаснай сацыялістычна настроенай большасьцю.

У 1917 годзе працаваў у земскіх арганізацыях разам зь дзеячамі беларускага руху Аркадзем Смолічам і Раманам Скірмунтам, падтрымаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнічаў у пасяджэньнях Рады БНР.

У 1918 годзе ва ўмовах нямецкай акупацыі ад імя мясцовых абшарнікаў выступіў з плянам аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага, падтрымліваў ідэю незалежнай Беларусі ў зьвязе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі палякамі і бальшавікамі. Быў адным зь лідараў арганізацый беларускіх палякаў і землеўласьнікаў.

Беларускі зьезд Случчыны, які распачаў Слуцкі збройны чын, праходзіў 14 і 15 лістапада 1920 году ў доме Вайніловіча ў Слуцку.

Пасьля акупацыі Беларусі саветамі жыў у Быдгашчы (Польшча), дзе збудаваў вялікі дом для дзяцей-сіротаў, якім апекваўся да свае сьмерці ў 1928 г.

У 2006 годзе парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перавезеныя з Быдгашча ў Менск і ўрачыста перапахаваныя каля касьцёла сьвятых Сымона й Алены, збудаванага на ягоныя сродкі. Каталіцкі Касьцёл у Беларусі рыхтуе дакумэнты для бэатыфікацыі Э. Вайніловіча.