Расьціслаў Лапіцкі

1 верасьня 1928 г. блізу Вялейкі нарадзіўся Расьціслаў Лапіцкі – арганізатар і кіраўнік антысавецкага падпольнага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў канцы 40-х гадоў, расстраляны савецкімі акупантамі.

Дзяцінства і сям’я

Нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, акупаванай Польшчай, у шматдзетнай сям’і праваслаўнага сьвятара.

У часе Другой Сусьветнай Вайны сям’я пераехала на Мядзельшчыну, дзе бацька атрымаў у Кабыльніку царкоўны прыход. Тут у 1944 годзе, пасьля вяртаньня савецкай улады, Расьціслаў пайшоў вучыцца ў толькі што адчыненую Кабыльніцкую школу-сямігодку. У гэты ж час праз старэйшага брата Алега Лапіцкага — сэмінарыста Віленскай духоўнай сэмінарыі — ён далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай сэмінарыі.

Арганізацыя была разгромленая савецкімі акупацыйнымі ўладамі, значная частка яе ўдзельнікаў была арыштаваная. 16-гадовы Расьціслаў быў таксама асуджаны, як малалетні, на тры гады зьняволеньня. Ужо ў 1945 г. ён быў вызвалены з турмы па амністыі з нагоды перамогі Нямеччынай і вярнуўся ў Кабыльнік, дзе працягваў школьнае навучаньне.

Пасьля сьмерці бацькі ў 1946 асірацелая сям’я — маці і сын — зімой з 1946 на 1947 перабіраюцца ў Мікасецак непадалёку Мядзелу.

Нястачы і голад не пакідалі Лапіцкіх у Мікасецку. У пошуках нейкага паратунку восеньню 1949 году маці з сынам пешкі, ведучы на вяроўцы карову-карміліцу, падаліся за 80 км у Смаргонь. У Смаргоні Расьціслаў пайшоў у дзясятую клясу мясцовай школы.

Падпольная дзейнасьць

Расьціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся сваімі ярка выражанымі антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі.

І падчас вучобы ў Мядзельскай школе, і ў Смаргонскай школе Расьціслаў зьбіраў вучнёўскую моладзь у антыбальшавіцкую патрыятычную падпольную арганізацыю. Арганізацыяй выдаваліся антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі.

Пасьля масавага зьяўленьня ў Смаргоні ў пачатку сьнежня 1949 антыкамуністычных улётак Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасьля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.

Нарада падпольнай арганізацыі вырашыла, што Лапіцкаму неабходна пакінуць Смаргонь. І ён зноў тайна вяртаецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Праз хваробу ён ня змог скарыстацца магчымасьцю перабрацца за мяжу з дапамогай Арміі Краёвай.

Неўзабаве ён быў паўторна арыштаваны. Да суду ўтрымліваўся ў нядобра славутай турме ў Вялейцы, дзе на допытах яго жорстка катавалі.

Расправа і памяць

Суд над Расьціславам Лапіцкім і большасьцю ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля адбыўся ў Маладэчне ў чэрвені-ліпені 1950. Было асуджана ўсяго дзевятнаццаць чалавек. Двое, Расьціслаў Лапіцкі і Факунда Несьцяровіч, былі прыгавораныя да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся ад прапановы прасіць памілаваньня. Зянон, Аўгусьцін і Ганна Ахрамовічы, Восіп Блізьнюк, Анатоль Карней, Юзаф Качэрга, Эдуард Сташкевіч, Тадэвуш Хацілоўскі, Леакадзія і Часлаў Цыбоўскія, Тамара Юшкевіч былі асуджаныя да дваццаці пяці гадоў зьняволеньня. Тацьцяна Юшкевіч, Канстанцін Іваноўскі, Зьбігнеў Пашкевіч, Марыя Барташэвіч былі асуджаныя да дзесяці гадоў няволі, Часлава Ашукоўская — да васьмі. Адзін з падпольшчыкаў, Генадзь Нафрановіч, падчас затрыманьня застрэліўся.

Лапіцкі быў расстраляны ў ноч на 28 кастрычніка 1950 году ва ўрочышчы Красны Беражок.

1 верасьня 2009 года ва ўрочышчы Красны Беражок грамадзкія актывісты ўсталявалі крыжы на меркаваным месцы расстрэлу Лапіцкага. За ўсталяваньне помніку афіцыйныя ўлады прыцягвалі жыхароў Вілейкі Аляксея Сюдака, Уладзімера Малярчука і Аляксандра Наркевіча да адміністрацыйнай адказнасьці. Крыжы неаднаразова зьнішчаліся невядомымі асобамі, але аднаўляліся зноў.

Як пошуг маланкі: дакумэнтальны фільм пра антысавецкі супраціў у Заходняй Беларусі пасьля Другой Сусьветнай Вайны