РАДА БНР: ЗАХАВАЛЬНІЦА ТРАДЫЦЫЙ І ЧАСТКА ШЛЯХУ ДА ДЭМАКРАТЫІ

isurvila
Івонка Сурвілла пра мінулае, сучаснасьць, будучыню беларускага ўраду ў выгнаньні.
Калі б кіраўнікі Беларусі ў Сярэднявеччы былі такімі ж мудрымі, як імпэратары Кітая, яны б пабудавалі сьцяну ўздоўж іх мяжы з Масковіяй яшчэ ў самым пачатку яе агрэсіі. Замест гэтага, змучаныя абарончымі войнамі супраць усходніх захопнікаў, якія квапіліся на іх зямлю, літоўскія вялікія князі заключылі абарончы хаўрус з Польшчай. Гэта здарылася ў Любліне ў 1569 годзе. Прайшло амаль чатыры з паловай стагодзьдзя, і сёньня я хацела б паразважаць пра урад Беларускай Народнай Рэспублікі, які знаходзіцца ў выгнаньні вось ужо 96 гадоў зноў дзеля экспансіянісцкай палітыкі нашага “старэйшага брата” з усходу.

Шлях да незалежнасьці: ад ВКЛ да БНР

Каб зразумець цяперашняе становішча нашай краіны, трэба разгледзець нядаўні гістарычны вопыт Беларусі і беларусаў.
У той час, калі народ Беларусі 25 сакавіка 1918 г. абвесьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, прайшло было 148 гадоў з моманту першага з падзелаў Рэчы Паспалітай Двух Народаў. 148 гадоў з дня, калі вялікі кавалак тэрыторыі Беларусі быў захоплены нашай усходняй суседкаю. Акупацыя была завершана ў 1795 годзе, калі ўся Беларусь стала правінцыяй Расеі.
Царская ўлада зрабіла 19-е стагодзьдзе адным з найбольш змрочных пэрыядаў гісторыі Беларусі. Мы ледзьве выжылі як нацыя. Нашыя культура, мова, рэлігія, пачуцьцё ідэнтычнасьці і годнасьць былі падвергнуты бесьперапыннаму перасьледу. Адказ і надзея на перамены прыйшлі ў 1918 годзе, калі народ Беларусі абвясьціў сваю незалежнасьць.
Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі было самай важнай падзеяй у гісторыі сучаснай Беларусі. Безь яго Масква не пагадзілася б стварыць у 1919 годзе савецкую Беларускую рэспубліку (ССРБ, потым – БССР). Калі б не было БССР, Беларусь ня стала бы зноў незалежнай у 1991 годзе. Такім чынам, дзякуючы БНР сёньня існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, якой бы недасканалай яна ні была.
Калі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі была выціснутая ў выгнаньне наступаючымі бальшавіцкімі войскамі, яе прыняла Чэхаславаччына. Два першыя старшыні Рады БНР у выгнаньні – Пятро Крэчэўскі і Васіль Захарка – жылі ў гэтай краіне. У сваім тэстамэнце у 1943 годзе Васіль Захарка даручыў Міколу Абрамчыку ўзяць на сябе кіраўніцтва барацьбой да таго моманту, пакуль ня зможа быць сабраная новая сэсія Рады. Гэтая сэсія адбылася ў Нямеччыне ў 1947 годзе, на ёй М. Абрамчык быў абраны новым Старшынём Рады. Ён быў на гэтай пасадзе да сваёй сьмерці ў 1970 годзе. Яго месцам жыхарства быў Парыж, Францыя. Яго пераемнікам стаў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, канадзка-беларускі прафэсар. Пятым Старшынём Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні быў доктар Язэп Сажыч. Я – шостая Старшыня Рады БНР у выгнаньні. Я была абраная на пасяджэньні Рады, якое адбылося ў Нью-Ёрку ў жніўні 1997 года, і была пераабраная на пасяджэньнях Рады ў 2003 і 2009 гадах.
Мэтай Рады БНР у выгнаньні заўсёды было і застаецца зрабіць Беларусь незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавай у адпаведнасьці з трыма Устаўнымі Граматамі БНР, прынятымі ў 1918 годзе. Рада БНР працягвае існаваць, таму што цяперашнія ўмовы існаваньня Беларусі не адпавядаюць яе канцэпцыі беларускай дзяржавы. Міжнародны склад Рады кожныя шэсьць гадоў абірае новы ўрад, які працягвае дзейнічаць у адпаведнасьці з гэтым даўнім мандатам.
Першая мэта Рады, незалежнасьць, была дасягнутая ў 1991 годзе. Пытаньне, якое найбольш часта задаюць з тых часоў, – чаму Рада захоўвае свой мандат, калі ўсе іншыя ўрады ў выгнаньні рэспублік СССР і савецкіх краінаў-сатэлітаў вярнулі іхныя мандаты пасьля дасягненьня незалежнасьці.
Я паспрабую тут адказаць на гэтае пытаньне і выказаць сваё разуменьне прычынаў, чаму роля Рады застаецца важнаю сёньня.

Чаму мы адзіны ў Эўропе урад выгнаньні?

Калі Савецкі Саюз распаўся, усе ўрады ў выгнаньні з былых савецкіх рэспублік і савецкіх краін-сатэлітаў вярнулі свае мандаты на радзіму, за выключэньнем Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні.
Прыгнечаныя нацыі адчувалі тады велізарную хвалю надзеі. Усе разьлічвалі на тое, што канец імпэрыі будзе азначаць адраджэньне старых дзяржаваў на базе каштоўнасьцяў, якія на працягу паўстагодзьдзя захоўваліся іхнымі ўрадамі ў выгнаньні.
Так яно і сталася – з адзіным выключэньнем Беларусі.
Прычынамі гэтага – па-першае, тое, што ўрадавыя структуры Беларусі 1991 году яшчэ не былі сфармаваныя шляхам свабодных выбараў, а краіна, хоць і незалежная, не магла лічыцца дэмакратыяй (хоць значэньні гэтага тэрміну і могуць адрозьнівацца ў дэталях).
Чалавечы фактар адыграў ня меншую ролю. Дзеля свайго геапалітычнага значэньня для Расеі і блізкасьці да Масквы, беларуская тэрыторыя у большай ступені, чым любая іншая савецкая рэспубліка, сталася радзімай для новага кшталту чалавека, які меў быць ідэальным грамадзянінам новага савецкага парадку. Ягонымі асноўнымі характарыстыкамі былі поўнае няведаньне свайго дасавецкага мінулага, успрыняцьце Расеі як “старэйшага брата”, замена яго роднай мовы, атрыманых ад продкаў культуры і каштоўнасьцяў на расейскую мову і расейскія культурныя і гістарычныя каштоўнасьці. Праявы ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці ва ўсіх нерасейскіх рэспубліках СССР называлася “буржуазным нацыяналізмам”.
З гэтай прычыны нашыя людзі не чынілі супраціву маскоўскай палітыцы русіфікацыі. Перажыўшы дзве сусьветныя вайны на сваёй тэрыторыі і гады савецкага тэрору, пазбаўленыя свабоды з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай, пазбаўленыя гістарычнай памяці, беларусы выпрацавалі неверагодныя навыкі выжываньня і прыстасаваліся да савецкага ладу жыцьця. Яны былі гатовыя прыняць што заўгодна, “абы не было вайны”.
Іхныя навыкі зрабілі Беларусь адной з найбольш багатых рэспублік Савецкага Саюза. Настолькі, што Беларусь перажыла наплыў ажно двух мільёнаў савецкіх грамадзян – небеларусаў. Цяпер ужо шмат хто з гэтых людзей і іх нашчадкаў асвоіліся на Беларусі, вывучылі беларускую мову і сталі сапраўднымі беларусамі. Але ў савецкія часы такі буйнамаштабовы прыток людзей істотна зьмяніў характар электарату ў краіне з насельніцтвам у дзесяць мільёнаў.
Недэмакратычна абраны парлямэнт, “дэнацыяналізаваная нацыя” (паводле дэфініцыі навукоўца Дэвіда Марплза), моцны замежны элемэнт у складзе насельніцтва – усё гэта былі фактары, якія мы не маглі ігнараваць, думаючы пра будучыню Рады БНР.
Тым ня менш, некаторыя ключавыя падзеі надалі імпульс для актывізацыі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Адкрыцьцё інфармацыі пра расстрэльны палігон у Курапатах і Чарнобыльская катастрофа, чые наступствы для Беларусі савецкія ўлады тры гады замоўчвалі, на працягу кароткага часу спарадзілі “бунт” нават унутры камуністычных структураў рэспублікі. Невялікая, але моцная апазыцыя на чале зь Зянонам Пазьняком, верагодна, здолела б вывесьці насельніцтва Беларусі з рэжыму простага выжываньня, калі б беларусы ўбачылі прыкметы падтрымкі або спагады з боку Захаду.
Але Захад не цікавіўся гэтай невялікай дзяржаваю, якую там доўгі час лічылі чыста савецкім утварэньнем. “Мы мусім дзесьці правесьці лінію”, сказала тагачасная канадзкая віцэ-прэм’ер Шэйла Коппс, калі нашая грамада прасіла аб дапамозе для Беларусі. Для простых беларусаў надзея прайграла настальгіі. У той жа час, Расея ўжо моцна ціснула на Вярхоўны Савет Беларусі, які быў абраны да незалежнасьці.
Усьведамляючы гэтую сытуацыю, Рада вырашыла пачакаць і паглядзець. Перад вяртаньнем нашага мандату мы хацелі быць упэўненымі, што незалежнасьць была незваротная і што мы Беларусі больш не спатрэбімся. Мы лічылі, што Рада БНР – законны парлямэнт у выгнаньні – гэта важны актыў у нашых руках, і мы не зьбіраліся расставацца зь ім без сур’ёзных гарантый. Рашэньне было адзінагалосным. І неўзабаве пасьля гэтага наша правата пацьвердзілася. Новы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе, менш чым праз год пасьля свайго абраньня паказаў, хто былі ягоныя гаспадары. У траўні 1995 года ён правёў свой першы сфальсыфікаваны рэфэрэндум, з дапамогай якога ён зноў вярнуў савецкія сымбалі і зрабіў расейскую мову дзяржаўнай мовай Беларусі. У 1996 годзе Расея ўзнагародзіла яго за гэта, прадухіліўшы ягоны імпічмэнт.
З тых часоў наша мэта ў тым, каб абараніць дзяржаўнасьць Беларусі, якой пастаянна пагражае наш больш агрэсіўны ўсходні сусед, і дапамагчы дэмакратычнай апазыцыі ў змаганьні зь незаконным урадам Аляксандра Лукашэнкі і пабудове сучаснай эўрапейскай Рэспублікі Беларусь.

Наша цяперашняя роля

У сьнежні 2001 года журналіст Эдвард Лукас ў часопісе The Economist прывёў цытату эстонскага палітыка ў выгнаньні, які падкрэсьліў, што самім фактам свайго існаваньня ўрад у выгнаньні выконвае важную функцыю.
Рада БНР, або ўрад Беларусі ў выгнаньні, мог бы проста быць сымбалем свабоднай Беларусі. Гэты сымбаль быў вельмі патрэбны Беларусі. Мы выконвалі гэтую ролю ў канцы тэрміну майго папярэдніка доктара Сажыча, у пачатку дзевяностых гадоў. У той момант мы адчулі, што зрабілі ўсё, што маглі, каб Беларусь зьявілася на мапе сьвету, і што надыйшла чарга беларускага народу змагацца за лепшую Беларусь. Гэта было да абраньня А. Лукашэнкі і да рэфэрэндуму 1995 году.
Дыяспара, якая падтрымлівае Раду, зрабіла шмат, каб прыцягнуць увагу да Беларусі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Канадзе мы стварылі Канадзкі фонд дапамогі ахвярам аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі і вывезьлі тысячы дзяцей на адпачынак у Канаду. Беларусы Канады і дыяспара ў іншых краінах дапамаглі адпраўляць лекі ў Беларусь.
Мы зразумелі, як моцна Беларусі патрэбныя сябры у вольным сьвеце. Я лічу, што наша няўдача на Вэрсальскай канфэрэнцыі ў 1918 годзе, (калі дэлегацыя БНР ня здолела пераканаць міжнародную супольнасьць прызнаць незалежнасьць Беларусі), была наступствам таго, што мы ня мелі сяброў у палітычных колах. У той жа самы час, многія з нашых суседзяў, што абвесьцілі і захавалі сваю незалежнасьць у пэрыяд паміж войнамі, мелі сяброў у стратэгічна важных сталіцах… Таму Рада БНР паставіла сабе мэту знаходзіць сяброў для Беларусі.
Мы таксама зразумелі, якім магутным палітычным інструмэнтам можа быць культура. Для таго, каб зрабіць Беларусь членам супольнасьці эўрапейскіх народаў, а ня толькі зонай бедзтва і “апошняй дыктатурай Эўропы”, мы паставілі сабе мэту прыцягнуць увагу да беларускай культуры: паўсюль, дзе можна, і любымі спосабамі.
Але наш самы важны палітычны ўнёсак у адраджэньне беларускай дэмакратыі, захаваньне беларускай культуры і ахову беларускай дзяржаўнасьці быў зроблены і працягвае рабіцца шляхам прамых зносінаў з прыязнымі да Беларусі ўрадамі.
Перадусім мы працуем з урадамі тых краінаў якія перажылі падобныя сытуацыі (напрыклад, Чэхія), ці тымі, хто зрабіў сваёй мэтай абараняць дэмакратыю ў сьвеце (як Злучаныя Штаты Амерыкі), ці тымі, хто заяўляе, што яны не гатовыя цярпець парушэньні правоў чалавека ў любым месцы сьвету (як Канада). Каб мець у гэтым посьпех, ад нас патрабаваліся настойлівасьць, пераканаўчасьць, актыўныя камунікацыі і інфармаваньне. Гэтага было лягчэй дасягнуць, працуючы праз нашыя суполкі, створаныя ў краінах, чыя дапамога нам была патрэбна, і разам з дэмакратычнай апазыцыяй у Беларусі. Гэтая праца мае вынікі. Прыкладам, згаданая мною Чэская Рэспубліка даўно зьяўляецца партнэрам Рады БНР, мяне ўжо некалькі разоў прымалі там на самым высокім узроўне.
Але як прадстаўніцу ўраду ў выгнаньні, мяне, напэўна, не запрасілі б для кансультацыі ў Францыю ці Нямеччыну. Посьпех нашых намаганьняў вельмі моцна залежыць ад таго, з кім мы маем справу. Як я ўжо сказала, краіны, якія былі ў падобнай да нас сытуацыі, добра разумеюць значнасьць ураду ў выгнаньні. Але вельмі часта кантакты з урадам у выгнаньні ўспрымаюцца як канфлікт інтарэсаў, асабліва там, дзе маецца бізнэс альбо асобныя палітычныя інтарэсы, напрыклад, пытаньні Арктыкі ў выпадку Канады і Расеі. Мы разумеем гэта вельмі добра.
Мы неаднаразова папярэджвалі нашых партнэраў пра імпэрыялістычныя інстынкты кіраўніцтва Расеі і казалі пра недапушчальнасьць ахвяраваньня інтарэсамі Беларусі дзеля будаўніцтва стасункаў Захаду з Масквой. Падзеі апошніх гадоў яскрава прадэманстравалі, што мы мелі рацыю.

Рада БНР і Беларусь

У рэшце рэшт, я хацела бы паразважаць пра ўзаемаадносіны Рады БНР з сучаснай Беларусьсю.
На думку многіх, за савецкім часам мы былі сьвятлом надзеі, якое прывяло нашых змагароў за свабоду ў Беларусі да нашай агульнай мэты – незалежнасьці нашай краіны. Будучы па-за Беларусьсю, мы захавалі мову, гістарычную памяць, нацыянальную ідэнтычнасьць, у той час, калі яны былі зьнішчаныя ў Беларусі. У пэрыяд Адраджэньня ў пачатку дзевяностых гадоў Старшыню Рады БНР доктара Сажыча прымалі ў Беларусі ў якасьці ганаровага госьця.
Як толькі ў 1994 годзе прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь стаў А. Лукашэнка, мы сталі “ворагамі народа” разам зь беларускай дэмакратычнай апазіцыяй. У сваёй прамове ў расейскай Думе ў 1998 годзе Лукашэнка паведаміў прыязна настроенай да яго аўдыторыі, што ягоны супернік – нейкі Сульвіла або Сурвіла, эмігрант часоў Першай Сусьветнай Вайны, якому цяпер 97 гадоў (мужчына, вядома) і якога падтрымлівае Захад.
Нашая актыўная пазыцыя на працягу наступных гадоў, нашая крытыка дыктатуры ў Беларусі яшчэ больш абазлілі рэжым А. Лукашэнкі супраць Рады БНР. Само па сабе публічнае згадваньне Рады, гэтаксама як беларускага бел-чырвона-белага сьцягу і гістарычнага гербу “Пагоня”, не дазволена ў Беларусі, акрамя выпадкаў, калі мэтай зьяўляецца ачарненьне з боку прапагандысцкай машыны. Ніякая хлусьня не зьяўляецца для іх занадта вялікай, каб змагацца з намі.
Улічваючы, што прамываньне мазгоў мае посьпех сярод простых беларусаў, якія не заўсёды маюць доступу да аб’ектыўнай інфармацыі, і для апазыцыі мы не заўсёды тыя хаўрусьнікі, якімі яна выхваляецца перад шырокай грамадзкасьцю.
Нашы адносіны з большасьцю апазыцыйных партый, аднак, добрыя. Калі мы разам наведваем міжнародныя мерапрыемствы, якімі б ні былі адрозьненьні ў нашых поглядах, мы ўсе ведаем, што наша агульная мэта заключаецца ў тым, каб захаваць беларускую дзяржаўнасьць і каб зрабіць Беларусь свабоднай эўрапейскай дэмакратыяй.

Што далей

Што тычыцца будучыні Рады БНР, мы вельмі чакаем таго мамэнту, калі зможам аддаць наш мандат дэмакратычна абранаму беларускаму ўраду. Наша роля ў той час будзе вельмі моцна залежаць ад свабоднай волі народу Беларусі. Ад беларусаў будзе залежаць, якую дэмакратыю яны будуць мець. Калі мы адчуем, што ня зможам быць карыснымі ў самой Беларусі, мы працягнем працу па пошуку сяброў для нашага народу, якіх яму так моцна бракавала ў мінулых стагодзьдзях.
Няма ніякіх сумневаў, што для многіх урад у выгнаньні – гэта нешта экзатычнае. Але гэткі ўрад існуе з-за неабходнасьці і дзейнічае ва ўмовах шматлікіх праблемаў, дылемаў і рознага разуменьня ягоных магчымасцяў.
Мой вопыт працы ў гэтай структуры прыносіць часам расчараваньне, часам задавальненьне. Я сустракаю рознае ўспрыняцьце Беларусі, розныя суадносіны ўхваленьня і разуменьня ўмоваў існаваньня такога ўрада. Але тое, наколькі Рада БНР зьяўляецца агульнапрызнанай, зьяўляецца менш важным, чым сам факт нашай прысутнасьці ў сьвеце і сталасьць, пастаяннасьць гэтай прысутнасьці.
Мы дзейнічаем, грунтуючыся на той ідэі, што мы – частка шляху Беларусі да дэмакратыі і да росквіту. Мы першымі, яшчэ з 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, выступалі і выступаем пасярэднікамі паміж Беларусьсю і вольным сьветам. Што яшчэ больш важна – мы застаемся захавальнікамі традыцый беларускай дзяржаўнасьці і барацьбы беларусаў за тое, каб мець уласную свабодную і дэмакратычную дзяржаву нароўне з іншымі народамі Эўропы. Усё гэта для таго, каб наблізіць для Беларусі перамены да лепшага.
Івонка Сурвілла
Сьнежань 2015 г.