Кастусь Мерляк

25 сьнежня 1919 году ў Наваградзкім павеце нарадзіўся Кастусь Мерляк, радны БНР, беларускі грамадзкі дзеяч у Аргентыне і ЗША.

З нэкралёгу ў газэце “Беларус” (№539):

“Жыцьцё ягонае, за выняткам апошніх 12 гадоў нямогласьці, было поўнае дзеяньня на палітычнай і грамадзка-рэлігійнай ніве ў пяцёх краінах. Шлях пралёг з роднае Наваградчыны ў Нямеччыну, Італію, Аргентыну (1944-54) ды Злучаныя Штаты Амэрыкі (з 1954).

Праз усё жыцьцё [ён] выяўляў энэргію й працавітасьць як у прафэсійнай дзейнасьці бухгальтара, а тады – фінансавага кантралёра вялікай вадаплаўнай кампаніі, гэтак і ў грамадзкіх справах. Кастусь Мерляк пакінуў трывалыя вынікі ў гісторыі беларускай паваеннай эміграцыі ў краінах ягонага прабываньня. Заснавальнік і старшыня Згуртаваньня Беларусаў Аргентыны, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, а пасьля – Беларуска-Амэрыканскага Аб’еднаньня ў Нью-Ёрку ды іншых грамадзкіх структураў, ініцыятар і ўдзельнік розных палітычных праектаў. Ва ўсёй гэтай дзейнасьці, пры ягонай напорыстай натуры, не абыходзілася бяз спрэчак і канфліктаў, але канчальнай мэтай заўсёды заставалася дабро нацыянальнай справы.


Сьляды “жыцейскіх бураў” засталіся ў падшыўках багатага асабістага архіву, які ён мэтадычна зьбіраў, ды на старонках шматлікіх публікацыяў. Біяграфічная даведка пра Кастуся (Канстанціна) Мерляка зьмешчана ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (т. 5, Мінск, 1999), у якой сказана пра яго: “беларускі грамадзка-палітычны дзеяч у эміграцыі… Аўтар артыкулаў па гісторыі бел. эміграцыі, пытаньнях культуры, рэлігіі, грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі”. Там-жа названа ягоная кніга “Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі” (Нью-Ёрк, 1992). У бібліяграфіі Вітаўта й Зоры Кіпеляў “Belarusian Publishing in the West” (New York – Warsaw, 2006) пад прозьвішчам К. Мерляка 29 бібліяграфічных спасылак. Шмат з друкаванае спадчыны нябожчыка раскідана па эміграцыйнай і айчыннай пэрыёдыцы. Прыкладам, у нумарох менскай “сацыяльна-экалягічнай газэты” “Набат” (№№ 7 /47/ – 11/51/, люты-сакавік 1992) была апублікавана Мерлякова востра палемічная “ВОДПАВЕДЗЬ” з па дзагалоўкам “Хто каго мае судзіць?” У ёй ён аргумэнтавана запярэчыў паклёпам камуністычнай прапаганды на беларускую паваенную эміграцыю ды на ўвесь нацыянальна-вызвольны рух. Архівы й друкаваная спадчына Катуся Мерляка могуць стацца добрай асновай для напісаньня грунтоўнай манаграфіі пра адну з плённых постацяў беларускай гісторыі.

З артыкулу В. Шчэцькі ў газэце “Беларус” (№505):

Кастусь Мерляк нарадзіўся 25 сьнежня 1919 году ў вёсцы Дзетамля, былога Наваградзкага павету, ад бацькоў Ільлі й Вольгі (з дому Ціхановіч). Бацька быў настаўнікам і афіцэрам у царскай арміі. Пасьля І-й сусьветнай вайны вярнуўся ў сваю вёску і жыў на зямлі. Кастусь вучыўся ў польскай пачатковай школе. Пазьней закончыў двухгадовую Ральнічую школу ў Кушалеве ў 1935 годзе. Адразу паступіў у школу каапэрацыі, якую закончыў у 1938 годзе. Там спаткаўся із сьведамымі людзьмі, што накіравала сп. К. Мерляка зацікавіцца беларускімі нацыянальнымі праблемамі. А да гэтага, жывучы на вёсцы, пазнаў нашых людзей, прыроду, а праз гэта палюбіў свой край, што засталося ў яго аж да сёньня, юнаком ён сфармаваўся на добрага і сьведамага чалавека.

З 1939 году пачынае зарабляць сабе на хлеб як бухгальтар. Працягвае працаваць у гэтым напрамку і з прыходам Саветаў, мяняючы толькі ўстановы ці характар функцыяў. (У 1940 годзе скончыў курсы крэдытных інспэктараў у Беластоку, што павысіла ягонае становішча на працы). Усё-ж той пераходны пэрыяд, як 1939 год пад Польшчай, савецкае “асвабаджэньне” да 22 чэрвеня 1941 году, як і пачатковая акупацыя немцамі, не спрыяў беларусам прысьвяціць больш увагі сваім нацыянальным праблемам, не спрыяў ён і сп. К. Мерляку ў гэтым напрамку.

Калі немцы дазволілі арганізацыю цывільнай адміністрацыі ў Беларусі, сп. К. Мерляк пачаў працаваць у Наваградку ў гарадзкой управе, пасьля ў Самапомачы. У 1942 годзе едзе ён на курсы афіцэраў Беларускай Самапомачы ў Менску, дзе спатыкае большае кола маладых энтузыястых, а таксама бліжэй пазнае тагачаснае беларускае кіраўніцтва і ягоных лідэраў.

Пасьля курсаў, як падафіцэр, быў накіраваны ў Ліду, дзе, як ад’ютант капітана Касацкага, меў прычыніцца да арганізацыі беларускага батальёну. Недавер немцаў да гэтай арганізацыі і нязгода даць забесьпячэньне разьвязала гэтую кампанію ў пачатку 1943 году.

Вярнуўшыся ў Наваградак працуе кіраўніком адміністрацыі на Салатычы, Воўкавічы, Гарадэчына і Шчорсы (4 месяцы).

Увосень 1943 году, калі зарганізаваўся Беларускі эскадрон пад кіраўніцтвам Барыса Рагулі, сп. К. Мерляк, як сэржант, уступае ў яго як пастаўшчык, а пасьля і як арганізатар батальёну ў сакавіку 1944 году. Гэтая адзінка была ведамай ня толькі ў абароне вёсак ад чырвонай партызанкі, але і як зарука супраць пасяганьняў немцаў на беларускую моладзь дзеля працы ў Нямеччыне, як і іншых інтрыгаў немцаў альбо даносчыкаў на правы Беларускай Наваградчыны.

З наступленьнем Саветаў у 1944 годзе сп. К. Мерляк пакінуў Наваградак 7 ліпеня 1944 году і атрымаўся ў Нямеччыне.

Час ад 1942 да 1944 году быў пэрыядам, калі сп. К. Мерляк выпрабаваў свае сілы і здольнасьці як беларус: урадовец, вайскавік, адміністратар і лідар. Сёньня мы бачым, што тое выпрабаваньне загартавала яго на стойкага беларуса-барацьбіта.

Канец 1944 – 1946 гады былі для бальшыні беларусаў у Заходняй Эўропе гадамі валакіты, лягероў, пагрозаў і т. п. Наш юбіляр таксама круціўся ў тым віры. Пасьля вайны апынуўся ў Італіі, дзе беларусы чамусьці не згуртаваліся, як напрыклад у Нямеччыне. У 1947 годзе сп. К. Мерляк выехаў у Аргентыну.

Ад часу пераезду ў Аргентыну сп. К. Мерляк з усёй энэргіяй упрагаецца ў беларускую грамадзкую працу. Дзякуючы яму засноўваецца Згуртаваньне Беларусаў у Аргентыне (1948 год), старшынём якога ён і быў. Дзякуючы ягонай энэргіі й здольнасьці імя беларуса, як і беларуская праблема, робяцца вядомымі ва ўрадовых колах, у радыё і прэсе. Ён цікавіцца таксама, каб беларуская праблема была вырашаная ў Парагваі й Уругваі, куды выяжджаў для яе палагоджаньня. У Аргентыне ўладкаваліся і асабістыя справы – у 1950 годзе ён ажаніўся з Ганнай Губэрт. Увыніку гэтага сёньня спадарства Мерляк маюць прыгожую сям’ю: трох дарослых адукаваных сыноў.

Пасьля сямі гадоў у Аргентыне сп. К. Мерляк ізь сям’ёю 28.07.1954 году пераехаў у ЗША. Гэты прыезд даволі пасьпяхова адбіўся як на ягоным асабістым жыцьці, так і на жыцьці тутэйшай беларускай грамады ды ўсёй беларускай эміграцыі наагул. Як ведамы арганізатар быў прыняты з адкрытымі рукамі як у царкве, так і ў БАЗА. (…)

Адразу быў старшынём акругі БАЗА ў Нью Ёрку, а пасьля Старшынём Галоўнай Управы БАЗА (1954-1963). Будучы старшынём камітэту набыцьця беларускага народнага дому і царквы (1955-1957) выдатна справіўся і з гэтым заданьнем. На палітычным полі таксама здабыў выдатныя вынікі: як старшыня сэктару і міністар нутраных справаў БНР навязаў сувязі з амэрыканскімі ўрадавымі дзейнікамі; паказаў тым, хто ня ведалі, як навязваць такія сувязі, куды ехаць, з кім спатыкацца.(…)

Час 1963-1967 гадоў у БАЗА, як і ў БАПЦ, быў часам непаразуменьняў і непратрэбных сварак. У 1964 годзе Ўладыка Васіль падаў у суд на царкоўную раду, бо ў ёй быў сп. К Мерляк. Суду ніхто ня выйграў, але заставацца ў царкве надалей сп. К. Мерляку і тым, хто зь ім супрацоўнічаў, было немэтазгодным. Вялікая частка прыхаджанаў адыйшла і ў 1968 годзе стварылі свой новы прыход Сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычмонд Гілл, Н. Ё., пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскага Патрыярха. Яшчэ да царкоўнага суду былыя сябры БАЗА стварылі сваю арганізацыю Беларуска-Амэрыканскае Аб’еднаньне ў Нью Ёрку (06.06.1965 г.)

Стварэньне новага прыходу, атрыманьне чартару на яго, купля пляцу пад царкву, знаход сьвятара ды будова царквы – гэта была калясальная праца. У гэтым вялізным прадпрыемстве першую скрыпку іграў сп. К. Мерляк. Як арганізатар, грамадзкі аўтарытэт і кіраўнік ён аб’яднаў грамаду (сваіх і прыяцеляў) да адной мэты – выканаць пастаўлены плян. І выкананьне было даведзена да канца.

14.11.1982 году сп. К. Мерляка выбіраюць старшынём царкоўнае ўправы. Сп. Ян Казьлякоўскі застаецца пажыцьцёва ганаровым старшынём. Дагэтуль сп. К. Мерляк быў заступнікам старшыні ў царкоўным кіраўніцтве, хоць у сапраўднасьці выконваў працу старшыні. Гэта рабілася як з пашаны сяброў прыходу, гэтак і сп. Мерляка да асобы сп. Я. Казблякоўскага, якога ўвесь час выбіралі старшынём царкоўнай рады ці царкоўнай управы прыходу.

Наступным здарэньнем, дзе сп. К. Мерляк праявіў свае здольнасьці, было высьвячэньне царквы 30.10.1983 году. Уладыка Мікалай (Сміско) узначальваў высьвячэньне. Арганізацыя і прабег урачыстасьці былі выдатнымі. Аб нашым высьвячэньні даведалася ўся Амэрыка.

Апошняй вялікай падзеяй было адзначэньне 1000-годзьдзя хрысьціянства ў Беларусі 31.05.1987 году. Службу ізноў узначаліў Уладыка Мікалай. Ізноў сп. К. Мерляк паказаў, як трэба рэпрэзэнтаваць сваю царкву і беларусаў. Гэта была гучная ўрачыстасьць. За што сп. Мерляку падзяка і пахвала.

Сп. К. Мерляк таксама шмат пісаў у прэсе аб беларускіх праблемах, што тычыліся эміграцыі, як і жыцьця на Бацькаўшчыне. Выступаў заўсёды ў абарону правоў беларускага народу ці ў абарону справядлівасьці ў жыцьці нашай эміграцыі.”

У 1992 г. К. Мерляк выдаў успаміны “Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі”.

Памёр ён 25 лістапада 2007, пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, штат Нью-Джэрсі.