Дыяспара павінна дапамагаць Беларусі – выступ І. Сурвіллы на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, 2006 г.

Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да 27-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, 2006 г.

Дастойныя Айцы, Паважаныя Госьці, Дарагія Сябры.

У Беларусі жыве крышку меней за дзесяць мільёнаў чалавек. Гэтую цыфру і мы падаём, калі нас пытаюць пра вялічыню нашай нацыі, хаця 20-е стагодзьдзе адабрала ад Беларусі штучна створанымі граніцамі сотні тысяч беларусаў, якія цяпер ёсьць грамадзянамі суседніх краінаў. І гэта ня ўсё. Неад’емнай часткай беларускага народу ёсьць мільёны нашых людзей у Сыбіры, куды іх прымусова вывезьлі і адкуль ім дзеля розных прычынаў ня было дадзена вярнуцца, а таксама штораз большая дыяспара ў іншых краінах сьвету.

Нажаль край наш, нават у найбольш надзейныя гады адраджэньня, неяк забыўся, што мы таксама сыны і дочкі тае самае Беларусі, што мы таксама называем яе сваёй Бацькаўшчынай. Для БССР мы былі ворагамі народу. Цяперашняму рэжыму мы папросту перашкаджаем. Перашкаджаем у ягонай нялюдзкай анты-беларускай палітыцы, а перад усім у яго намерах зьліквідаваць беларускую дзяржаву, інтэгруючы яе ў новы Саюз з Расеяй.

Дзеля гэтага, апошнім часам пачалася ў Беларусі новая анты-эмігранцкая прапаганда, праўба больш субтыльная, як савецкая, але ня менш дрэнназычлівая. Модныя маладыя людзі пачалі аб’яўляць, што “дыяспара няхай займаецца дыяспарай”, бо яна ім, маўляў, непатрэбная.

Асабліва мяне асабіста абразілі словы “Што МНЕ паможа, калі яны там пастаяць каля расейскай амбасады?” Прапаганда выкарыстоўваек нават наш традыцыйны індывідуалізм, заменьваючы яго гэтым скрайнім эгаізмам. “Калі не паможа МНЕ, дык нашто яно?”

Гэта безумоўна вельмі выгадна ўладзе. Зьнеазвочвае тых, хто нешта робіць, ды апраўдвае бязьдзейнасьць тых, хто ня робіць нічога.

Дарагія сябры, тут я хацела б падзяліцца з Вамі некаторымі думкамі пра тое, што тут можам зрабіць мы, каб дапамагчы нашай Бацькаўшчыне, і чаму гэтая дапамога вельмі патрэбная нашаму народу якраз цяпер.

Калі б мы былі італьянцамі, ці французамі, ці швэдамі, дык сапраўды маглі б карыстаць з дабрабыту Амэрыкі ці Канады, не пераймаючыся пра краіну ды народ, які мы заставілі за сабой. Бо яны сапраўды не патрабуюць эмігрантаў, каб жыць заможна і шчасьліва. Але ж кожны з нас ведае, у якім стане знаходзіцца наш край пасьля амаль двух стагодзьдзяў чужога панаваньня, Чарнобыльскай бяды ды нялюдзкага рэжыму, які цяпер пры ўладзе. Няўжо мы можам глядзець абыякава на тое, як цяжка жывецца бальшыні нашага народу?

На днях купіла журнал, выдадзены ў Кальгары ў Канадзе, у якім галоўны артыкул прысьвечаны Беларусі, пацярпелай ад Чарнобылю. Хаця бальшыню фактаў я ведала, вельмі страшна было глядзець і чытаць пра дваццатую гадавіну гэтае бяды. Ці ня ёсьць нашым абавязкам даць хоць частачку таго, што мы маем, каб некаму з нашых суродзічаў было трошкі лягчэй жыць? Або знайсьці крышку месца ў нашым багажы, едучы ў Беларусь, каб завесьці нешта ў найбліжэйшы дзецкі дом ці старэнькай бабульцы, якая жыве сама ў забруджанай радыяцыяй вёсцы?

Адначасна, адчула, як балюча ўсьведамляць сабе, што рэшта сьвету такой бачыць Беларусь. Так хацелася б пабачыць хоць раз у заходняй прэсе Беларусь такой, якой мы яе бачым і любім.

Не дастаткова інфармуем мы сьвет пра гэтую Беларусь. Край з сваёй доўгай гісторыяй, сваёй цудоўнай паэтычнай мовай, сваёй багатай культурай, які даў чалавецтву такую колькасьць вялікіх людзей, ад Касьцюшкі да Глінкі, ад Дастаеўскага да Шагала, ад Адама Мікцевіча да Манюшкі, да Шастаковіча, да Суціна.

Усе гэтыя людзі былі прысвоеныя акупантамі. Нам засталіся войны, Чарнобыль, Лукашэнка.

Зьвяртаюся менавіта да моладзі, адукаванай і інтэлігентнай, якая прыехала ў Амэрыку зь вялізарным багажам ведаў. Ці Вы пачалі перадаваць гэтыя веда пра Беларусь людзям кругом Вас?

Ня гледзячы на ўсе войны і іншыя беды, яія нам прынесьлі чужыя імпэрыі, Беларусь ня была пустыняй, калі на яе абрынулася радыяцыя Чарнобыля. Калі Вас тут ня лёгка здабываць кавалак хлеба, ці ня віна гэта тых, хто Вас прымусіў шукаць яго не на сваёй зямлі, а на чужыне! Пра гэта таксама мусяць ведаць Вашыя новыя сябры, Вашыя кангрэсмэны, Ваш урад. Яны ж змогуць Вам памагчы зрабіць нешта добрае для Беларусі.

У гэтым мамэнце найважнейшае для будучыні Беларусі – гэта захаваць незалежнасьць беларускай дзяржавы. Гэта галоўная мэта Рады БНР, якая выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб не дапусьціць да новай анэксіі, якую так пільна рыхтуюць нашыя суседзі.

Але на Захадзе, каб нешта дасягнуць, трэба мець сілы, каб Вас пачулі. Таму Вашая падтрымка, падтрымка кожнага з Вас, моцна патрэбная мне асабіста, Прэзыдыюму Рады і ўсім, хто клапоціцца за Беларусь.

Гуртуйцеся вакол Рады. Апрача свае гістарычнае ролі, Рада БНР адыгрывае і ролю палітычную – ёсьць тым лёббі, які так моцна патрэбны цяпер нашай краіне.

Пра асобныя праекты сёньня гаварыць ня буду. Ёсьць іх надзвычай шмат. Далучайцеся да тых, што працуюць. За гэта Вам падзякуюць калісь новыя пакаленьні нашага народу, якім ня трэба ўжо будзе пакідаць свой край, каб жыць свабодна і шчасьліва.

Дзякую за ўвагу.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла

31 жніўня 2006