Дыпляматычная місія БНР у Маскву ўлетку 1920 г.

Ад самога абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе Рада БНР рабіла актыўныя спробы дамагчыся прызнаньня беларускай незалежнасьці з боку Савецкай Расеі і ўсталяваньня з РСФСР раўнапраўных дыпляматычных адносінаў. На працягу 1918-1920 гг. у Маскву рэгулярна накіроўваліся дыпляматычныя місіі БНР, якія вялі перамовы з прадстаўнікамі савецкага кіраўніцтва.

Ніжэй афіцыйны Наказ беларускай дыпляматычнай місіі ў Маскву.

Наказ
Надзвычайнай Дыпляматычнай Місіі
Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскву за ??.06.1920 (дакладная дата невядомая)

1. Дэлегацыя афіцыяльна паведамляе РСФСР аб абвяшчэньні Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах этнаграфічных.

2. Дэлегацыя навязывае перагаворы з РСФСР аб прызнаньні незалежнасьці і сувэрэннасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Расеяй.

3. Дэлегацыя гаворыць аб ачыстцы этнаграфічна-беларускай тэрыторыі і аб перадачы ўласьці Ўраду БНР на гэных тэрыторыях.

4. Дэлегацыя выясьняе пытаньне аб тавараабмене паміж Беларусьсю і Расеяй.

5. Дэлегацыя ў пытаньню аб граніцах будзе на строга этнаграфічным пранцыпе.

6. Дэлегацыя выясьняе пытаньне аб дзяржаўнай пазычцы на культурныя патрэбы для БНР.

7. Дэлегацыі надаецца права кааптаваць у склад дэлегацыі спэцыялістаў і экспэртаў з правам дарадчага голасу.

8. У пытаньнях надзвычайнай дзяржаўнай важнасьці дэлегацыя зносіцца з Урадам.

9. Дэлегацыя становіць цела калегіяльнае.

10. Дэлегацыя мае пячатку з надпісам “Беларуская Народная Рэспубліка. Надзвычайная Дыпляматычная Місія ў Маскву”.

В. Ластоўскі
Старшыня Рады Народных Міністраў
і заступаючы Міністра Загранічных Спраў

А. Вальковіч
Кіраўнік Канцылярыі Рады Міністраў