Візыт Міколы Абрамчыка ў Вашынгтон

25 і 26 верасьня 1950 г. адбылася дзелавая паездка Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка ў Вашынгтон. У рамках візыту Старшыня сустрэўся з высокапастаўленымі амэрыканскімі дыпляматамі, а таксама з польскім генэралам Андэрсам.

З пратаколу справаздачы, зробленай на паседжаньні Рады міністраў БНР у Нью-Ёрку 1 кастрычніка 1950 г.:

“Мэтай паездкі сп. Прэзыдэнта ў Вашынгтон дня 25 і 26 верасьня 1950 г. было паўторна падняць пытаньні ў [Дзяржаўным Дэпартамэнце ЗША] аб удзеле беларусаў у перадачах радыё Voice of America, аб маральнай і матэрыяльнай падтрымцы беларускіх нацыянальна-палітычных арганізацыяў і прэсы ў ЗША ды аб іншых актуальных справах.

У размовах з кіраўніком усходне-эўрапейскага аддзелу [Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША] сп. Фрэдэрыкам Райнгардтам, кіраўніком аддзелу СССР сп. Рычардам Дэвісам выявілася, што расейцы, якія маюць уплывы ў радыё Voice of America, усялякімі спосабамі даводзяць, што (…) дазволіць беларусам браць удзел у радыё Voice of America ня ёсьць патрэбы. Сп. Прэзыдэнт пераканаў прадстаўнікоў [Дзяржаўнага Дэпартамэнту] аб ілжывасьці такога падыходу да справы, выясьніў, што расейцы займаюцца інтрыгамі толькі таму, каб шкодзіць і ўстрымліваць беларускі нацыянальна-вызвольны рух. (…) Прадстаўнікі [Дзяржаўнага Дэпартамэнту] поўнасьцю згадзіліся са сп. Прэзыдэнтам што да ацэнкі расейскіх інтрыгаў у некарысьць беларусаў, а таксама стараліся запэўніць сп. Прэзыдэнта аб тым, што справаў беларускіх яны не абмінаюць, адносяцца да іх прыхільна, бяруць пад увагу ўсе беларускія [пажаданьні і прэтэнзіі] і ў далейшым будуць палагоджваць беларускія справы больш пазытыўна.

У Вашынгтоне сп. Прэзыдэнт сустрэўся із польскім гэнэралам Андэрсам на банкеце, які ладзілі гэнэралу польскія арганізацыі. Сп. Прэзыдэнт абмяняўся із гэнэралам Андэрсам думкамі аб сучаснай палітычнай сытуацыі і некаторымі інфармацыямі. На гэтым жа банкеце сп. Прэзыдэнт навязаў кантакт із старшынёю Румынскага эміграцыйнага ўраду сп. Крэціяну.

У канцы справаздачы з апошняй паездкі ў Вашынгтон сп. Прэзыдэнт заўважыў, што дзякуючы нясупынным стараньням за час прабываньня ў ЗША навязаў ён кантакты з паважнымі амэрыканскімі палітычнымі і харытатыўнамі дзейнікамі ды з арганізацыямі іншых народаў у ЗША. Тут выказаў сп. Прэзыдэнт сваё жаданьне, каб навязаныя кантакты ўтрымаць і нясупынна працаваць для зрэалізаваньня плянаў беларускага вызвольнага руху.”