Вялікая расстрэльная ноч 1937 г.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. савецкія ўлады расстралялі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў грамадзкай, навуковай і культурніцкай эліты Ўсходняй Беларусі. Гэтыя падзеі сталіся апагеем камуністычнага тэрора ў Беларусі, які працягваўся з 1918 г. па сярэдзіну 1950-х гг.

Сьпіс асуджаных быў падпісаны 7 верасьня 1937 году І. Сталінам, В. Молатавам, Л. Кагановічам, К. Варашылавам, Н. Ежовам і ўключаў навукоўцаў, літаратараў, высокапастаўленых супрацоўнікаў дзяржаўных установаў БССР.

Расстрэлы 29-30 кастрычніка 1937 г. адбываліся ўва ўнутранай турме КГБ ў цэнтры Менску (так званая “Амэрыканка”). Гэтая турма да сёньняшняга дня выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку для ўтрыманьня палітычных зьняволеных.

Архівы КГБ БССР таксама дагэтуль застаюцца збольшага недаступнымі для дасьледчыкаў.

У рамках савецкага тэрору было мэтанакіравана зьнішчана некалькі соцень тысяч жыхароў Беларусі. Дзясяткі тысячаў сямей былі дэпартаваныя ў малапрыдатныя для жыцьця раёны СССР. На душу насельніцтва Беларусь у выніку рэпрэсій згубіла больш прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, чым Украіна або РСФСР.

У канцы кастрычніка і пачатку лістапада памяць ахвяраў савецкага тэрору ўшаноўваюць у многіх краінах былога СССР, у тым ліку ў Расеі і Ўкраіне.

Глядзі таксама: Дзеячы БНР, рэпрэсаваныя савецкімі ўладамі

Сьпіс расстраляных 29-30 кастрычніка 1937 г.:

  1. Абухоў Барыс Аляксандравіч, загадчык катэдры анатоміі, Віцебскі вэтэрынарны інстытут
  2. Арабей Мікалай, загадчык аддзела школаў ЦК КП(б)Б
  3. Аронаў Навум Мееравіч
  4. Аўгусьціновіч Анатоль, начальнік упраўленьня будаўнічых работ пры СНК БССР
  5. Афанасьеў Ігнат Ільіч, выкладчык Менскага Белпэдтэхнікуму
  6. Бабкоў Сямён Дзьмітрыевіч
  7. Барзуноў Георгій Фёдаравіч, дырэктар трэсту «Галоўхлеб» БССР
  8. Башкевіч Вадзім, начальнік Упраўленьня вышэйшай школы Наркамата асьветы БССР
  9. Бейлін Саламон Хаімавіч
  10. Белацаркоўскі Абрам Давыдавіч
  11. Бранштэйн Якаў, літаратурны крытык
  12. Бурдыка Іван Сямёнавіч, адказны сакратар СНК БССР
  13. Вайноў Віктар Лявонцьевіч, загадчык экспэдыцыі карамельнага цэху фабрыкі «Камунарка»; беларускі журналіст, сябра КПЗБ
  14. Варончанка Аляксандар, Наркам асьветы БССР, кандыдат у сябры УКП(б)
  15. Варшаўскі Станіслаў Юльянавіч
  16. Васільеў-Вашчылін Рыгор Мікітавіч
  17. Вольны Анатоль, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
  18. Габаеў Моўша-Нохім Ізраілевіч
  19. Габрусёў Апанас Сьцяпанавіч
  20. Галавач Платон, празаік
  21. Гейштэрн Антон Міхайлавіч
  22. Гершон Ёсіф Хаімавіч, намесьнік Наркама асьветы БССР, сябра/кандыдат у сябры УКП(б) з 1919
  23. Гінзбург Якаў Яфімавіч
  24. Госін Абрам Мендзелевіч
  25. Гурскі Канстанцін Ёсіфавіч, старшы вэтэрынарны доктар, вэтэрынарнае ўпраўленьне Наркамзема БССР (па некаторых зьвестках [4], расстраляны 17.10.1937)
  26. Гурэвіч Нохман Гіршавіч, Наркам унутранага гандлю БССР, сябра ЦК КП(б)Б, сябра ЦВК БССР, сябра/кандыдат у сябры УКП (б) з 1920
  27. Дзеніскевіч Мікалай Міхайлавіч, партыйны работнік, другі сакратар ЦК КП(б)Б, сябра/кандыдат у сябры УКП(б)
  28. Дзьмітраў Мікалай Андрэевіч
  29. Дзякаў Ананій Іванавіч, рэктар БДУ у 1934—1935 гг.
  30. Дракахруст Абрам Генрыхавіч
  31. Дудар Алесь, паэт
  32. Дунец Хацкель, крытык і публіцыст
  33. Елянсон Гірш Борухавіч
  34. Ермакоў Мікалай Паўлавіч
  35. Жывуцкі Іван Сьцяпанавіч, настаўнік
  36. Замалін Навум Міхайлавіч, дацэнт Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту
  37. Зарэцкі Міхась, празаік
  38. Зянковіч Аляксандар Сазонавіч
  39. Іваноў Аляксандар Васілевіч
  40. Іспраўнікаў Прохар Іванавіч, нам. загадчыка сельскагаспадарчага аддзела газ. «Віцебскі пралетарый»
  41. Кавалёў Захар, сакратар Варашылаўскага РК КП(б)Б
  42. Каваль Васіль, празаік
  43. Кавальчук Захар, старшыня ЦК прафсаюзаў БССР
  44. Кандрашук Мікалай, начальнік упраўленьня шкляной прамысловасьці Наркамата лёгкай прамысловасьці БССР
  45. Кантар Саламон Мендзелевіч, дырэктар Белпрамторга
  46. Капітанакі Міхаіл Васілевіч
  47. Каранеўскі Язэп Пятровіч, дзяржаўны дзеяч, пэдагог, публіцыст
  48. Карпенка Іван Іванавіч, загадчык лябараторыі Віцебскай вэтэрынарнай станцыі
  49. Качанаў Герасім Антонавіч
  50. Кляніцкі Віктар Сямёнавіч
  51. Кляшторны Тодар Тодаравіч, паэт
  52. Кудзелька Ёсіф Фадзеевіч, начальнік упраўленьня па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР
  53. Кульбак Майсей, празаік
  54. Кучынскі Аляксей Сьцяпанавіч, дзяржаўны і грамадзкі дзеяч, пэдагог, рэдактар
  55. Лабадаеў Міхаіл, загадчык асобага сэктару (аддзела) ЦК КП(б)Б
  56. Лашкевіч Леанард, намесьнік наркама Наркамата саўгасаў БССР
  57. Левін Аляксандар Самойлавіч, літаратурны крытык
  58. Левін Саламон Вульфавіч, літаратурны крытык
  59. Лейбін Піня Майсеевіч
  60. Ліхтэнштэйн Сямён Давыдавіч
  61. Лукашонак Мікіта Сяргеевіч
  62. Лявонны Юрка, паэт
  63. Ляйбовіч Хаім Элясавіч
  64. Лямперт Саламон Рыгоравіч, студэнт 5 курсу БДУ
  65. Ляўкоў Максім, Наркам юстыцыі БССР
  66. Мазель Элізар Якаўлевіч, нам. дырэктара па навуковай рабоце Віцебскай навукова-дасьледчай вэтэрынарнай станцыі
  67. Майсееў Леў, сакратар Барысаўскага РК КП(б)Б
  68. Малаў Барыс Міхайлавіч, загадчык аддзела хлебнай групы наркамата ўнутранага гандлю
  69. Маракоў Валерый Дзьмітрыевіч, паэт
  70. Маргелаў Сьцяпан Прохаравіч, загадчык сэкцыі геаграфіі інстытуту эканомікі АН БССР
  71. Марголін Міхаіл Саламонавіч
  72. Мар’янаў Барыс, сакратар Дзяржынскага РК КП(б)Б, сябра ЦК КП(б)Б (з 1937 г.)
  73. Масленьнікаў Павал Аляксандравіч
  74. Мелік-Шахназараў Андрэй Паўлавіч
  75. Мірлін Абрам Навумавіч
  76. Місьнікоў Мікалай Данілавіч
  77. Міхайлаў Дзямьян, кансультант Упраўленьня справамі СНК БССР
  78. Міхееў Мікалай Іванавіч
  79. Міцькоў Сяргей, дырэктар Гідролізнага досьледнага завода Наркамата мясцовай прамысловасьці БССР
  80. Мурзо Сяргей Мікітавіч, паэт
  81. Мухін Павал Максімавіч, загадчык лябараторыі Віцебскай навукова-дасьледчай вэтэрынарнай станцыі
  82. Навахрэст Якаў Пятровіч
  83. Нёманскі Янка, празаік, грамадзкі дзеяч
  84. Несьцяровіч Іван Іванавіч
  85. Падсявалаў Іван Іванавіч
  86. Паплыка Іван Майсеевіч
  87. Пасмарнік Іван Майсеевіч
  88. Петрушэня Васіль, кансультант СНК БССР па камунальных і транспартных справах
  89. Півавараў Зяма, паэт
  90. Пітомцаў Міхаіл Мікітавіч
  91. Пратапопаў Апалон Уладзіміравіч
  92. Пратасеня Рыгор, вучоны-аграхімік
  93. Пурыс Ізраіль Лейзеравіч
  94. Пуцілоўскі Аляксандар Андрэевіч
  95. Пуцінцаў Іван Андрэевіч
  96. Пятрашын Кузьма Рыгоравіч
  97. Разумоўскі Арон-Лейб Сіманавіч
  98. Рыдзеўскі Міхаіл Антонавіч, загадчык вучэбнай часткі Менскага пэдагагічнага інстытуту
  99. Самахвалаў Аляксандар Рыгоравіч
  100. Сандамірскі Якаў Рыгоравіч, загадчык катэдры Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту
  101. Сапрыцкі Оскар Абрамавіч, намесьнік наркама земляробства БССР
  102. Сарокаш Іван Усьцінавіч
  103. Спектар Якаў Мееравіч, загадчык сакратарыяту СНК БССР
  104. Старынскі Васіль Сямёнавіч
  105. Сташэўскі Васіль Пятровіч, празаік
  106. Стрэле Георгій Уладзіміравіч, дырэктар конесаўгаса № 120
  107. Суроўцаў Георгій Уладзіміравіч
  108. Сялоў Дзьмітры Паўлавіч, начальнік плянава-фінансавага ўпраўленьня наркама асьветы БССР
  109. Сярдзюк Панцялей Іванавіч, загадчык лябараторыі біяфабрыкі № 5 у Віцебску
  110. Таненбаўм Мірон Барысавіч
  111. Таўбін Юдаль Абрамавіч, паэт
  112. Троцкі Іван Васілевіч
  113. Трумпацкі Эля Хацкелевіч
  114. Турлай Андрэй, Наркам саўгасаў БССР
  115. Усьпенскі Яўген Канстанцінавіч, фізык
  116. Фалкін Рыгор Якаўлевіч
  117. Фінкельштайн Аба Алтэравіч
  118. Фломбаўм Яўсей Еўнавіч
  119. Фрыдман Ісак, начальнік аддзела землеўпарадкаваньня Наркамата земляробства БССР
  120. Харлац Дзьмітры Сямёнавіч
  121. Харык Ізі, паэт
  122. Хатулёў Пётр Фёдаравіч, літаратурны крытык
  123. Чарнушэвіч Аляксандар Анікеевіч, загадчык забеспячэньнем, Белгеаразьведка; Наркам асьветы БССР у 1933—1936 гг., сябра УКП(б)
  124. Чарняк Мікалай Платонавіч
  125. Чарот Міхась, паэт
  126. Чачура Канстанцін Георгевіч
  127. Шалай Макар Ксенафонтавіч, літаратурны крытык
  128. Шапіра Юдаль Ісакавіч
  129. Шастакоў Павал Пятровіч, журналіст
  130. Юдэльсон Арон, паэт
  131. Юлькін Якаў Веньямінавіч
  132. Яркін Віктар, начальнік службы Днепра-Дзьвінскага параходзтва ў Гомелі