Аркадзь Смоліч

29 верасьня 1891 г. у Бабруйскім павеце нарадзіўся прафэсар Аркадзь Смоліч – Міністар Сельскай Гаспадаркі БНР, Сакратар Асьветы БНР, выбітны беларускі навуковец, забіты савецкімі ўладамі.

Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

Да беларускага адраджэнцкага руху Смоліч далучыўся ў 1910 годзе, будучы студэнтам. З 1910 году ён чалец Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клюбу «Беларуская хатка» ў Менску. Публікаваўся ў часопісах «Раніца» і «Лучынка».

3ь вясны 1917 г. Смоліч — адзін зь дзейных лідэраў БСГ у Менску, рэдактар яе друкаванага органу — газэты «Грамада», плённы публіцыст. У сакавіку 1917 г. на зьезьдзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў Смоліч быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). У ліпені 1917 году на зьезьдзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў замест БНК утворана Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў (ЦРБА) з Выканаўчым камітэтам, у які Смоліч увайшоў і якім фактычна кіраваў. Пасьля рэарганізацыі ЦРБА ў Вялікую Беларускую Раду (кастрычнік 1917 г.) Смоліч абраны намесьнікам старшыні яе Выканаўчага камітэта. На канфэрэнцыі БСГ у чэрвені 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК.

У сьнежні 1917 г. Смоліч — удзельнік Усебеларускага зьезду, які абвесьціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У лютым-сакавіку 1918 г. ён — адзін з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Як радны Беларускай Народнай Рэспублікі ён прымаў удзел у стварэньні акту 25 сакавіка.

У першым урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду сакратара асьветы. Каб дамагчыся прызнаньня БНР, выяжджаў з дыпляматычнай місіяй у Кіеў, Варшаву, Бэрлін. У лістападзе-сьнежні 1918 па даручэньні ўраду БНР Аркадзь Смоліч знаходзіўся ў Горадні. Пасьля акупацыі Горадні польскімі войскамі пераехаў у Вільню.

Зь лета 1919 Смоліч — намесьнік старшыні ўраду Антона Луцкевіча, адначасова міністар сельскай гаспадаркі БНР. Пасьля захопу Беларусі савецкімі войскамі летам 1920 Смоліч пераехаў у Горадню, пэўны час працаваў аграномам.

Пасьля другой акупацыі Беларусі Польшчай (верасень 1920) Аркадзь Смоліч пераехаў у Вільню, дзе ўдзельнічаў у стварэньні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынём. Арганізоўваў курсы беларусазнаўства і выкладаў на іх. Рупіўся вакол заснаваньня культурна-грамадзкага таварыства «Бацькаўшчына»; узначаліў камісію, у якой сабраўся цьвет беларускай навукі — акадэмік Карскі, прафэсары Доўнар-Запольскі, Завітневіч — дзеля хутчэйшага адкрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску.

У 1919 г. выдае сваю першую кнігу «Геаграфія Беларусі» — грунтоўны навуковы твор, які атрымаў шырокае грамадзкае і навуковае прызнаньне і меў пяць перавыданьняў.

У 1920—1922 гг. А. Смоліч працуе выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, чытае геаграфію на настаўніцкіх курсах, становіцца адным з заснавальнікаў і першым старшынём Таварыства беларускае школы, якое пазьней адыграе немалую ролю ў барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за нацыянальную школу і культуру. Актыўна ўдзельнічае ў заходнебеларускім грамадзкім жыцьці: яго абіраюць сябрам управы Віленскага хаўруса каапэратараў, прызначаюць інструктарам аддзелу.

Як палітык і эканаміст Аркадзь Смоліч бачыў адкрыта каляніялісцкую скіраванасьць палітыкі польскага ўрада ў дачыненьні да беларускіх земляў. Пэрспэктывы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў межах Польшчы бачыліся яму праблематычнымі.

У жніўні 1922 урад БССР дазволіў Смолічу вярнуцца ў Менск і прызначыў яго загадчыкам плянава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Смоліч на той час – адзін з самых дасьведчаных і аўтарытэтных беларускіх спэцыялістаў у галіне эканомікі і аграноміі.

З 1923 ён – дацэнт, прафэсар і загадчык катэдры ў БДУ. У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаныя часопіс «Плуг» і Цэнтральнае бюро краязнаўства. Смоліч ініцыюе скліканьне напачатку Менскай, а затым і Ўсебеларускай краязнаўчых канфэрэнцыяў, непасрэдна прычыняецца да заснаваньня часопіса «Наш край». У 1924 г. Аркадзь Смоліч у складзе камісіі Дзяржпляну БССР праводзіць раянаваньне тэрыторыі рэспублікі.

У 1925 г. Смоліч абіраецца правадзейным сябрам Інстытуту беларускай культуры, намесьнікам яго старшыні. Арганізуе яго навукова-дасьледчую і выдавецкую працу, клапоціцца аб пашырэньні ў сыстэме інстытуту прыродазнаўчых навук. Прыкладае намаганьні для адкрыцьця ў Горы-Горках сельскагаспадарчай акадэміі і Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Менску. У 1927 г. становіцца першым беларускім прафэсарам геаграфіі.

У 1928 Смоліч абраны правадзейным чальцом Расейскага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны (1930) Малым залатым мэдалём за навуковыя працы «Разьмяшчэньне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і мэтадалягічныя ўвагі» (абедзьве 1929). Аркадзь Смоліч зрабіў вялікі ўнёсак у пераўтварэньне Інбелкульту ў Акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута.

У гэты час А. Смоліч – аўтар шматлікіх навуковых працаў па эканоміцы і геаграфіі Беларусі.

У канцы 1928 – пачатку 1929 гг. на базе Інбелкульта адкрываецца Беларуская Акадэмія навук. А. Смоліч выступае адным з суаўтарам яе статуту разам з С. Некрашэвічам, У. Ігнатоўскім і В. Ластоўскім.

26 чэрвеня 1930 г. А. Смоліч у ліку ста зь лішнім беларускіх навукоўцаў, грамадзка-палітычных дзеячоў і пісьменьнікаў быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10 красавіка 1931 г. пастановай калегіі ОГПУ ён сасланы на 5 гадоў углыб Расеі: у Пермскую вобласьць, потым — у Тюменскую вобласьць. Пасьля заканчэньня тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 г. вучоны жыў у Тюменскай вобласьці, працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканаленьня настаўнікаў. У жніўні 1935 вызвалены.

У ноч зь 17 на 18 чэрвеня 1937 Смоліч зноў арыштаваны і 10 чэрвеня 1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. Праз тыдзень, 17 чэрвеня 1938, расстраляны ў Омскай турме.

Аркадзь Смоліч быў рэгабілітаваны па 1-м прысудзе Вярхоўным судом БССР 10 чэрвеня 1988, па 2-м — прэзыдыюмам Тюменскага абласнога суду 9 лютага 1957.