Антысавецкае паўстаньне на Браслаўшчыне і Дзісьненшчыне

14 чэрвеня 1919 – пачатак антысавецкага паўстаньня на Браслаўшчыне і Дзісьненшчыне.

Бальшавіцкі тэрор у чэрвені 1919-га дасягнуў апагею. Сяляне стаміліся ад рэквізыцый, рабункаў і расстрэлаў. У траўні бальшавікі забілі праваслаўнага сьвятара Канстанціна Жданава з Шаркоўшчыны, які карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў. Напачатку чэрвеня бальшавікі абвесьцілі мабілізацыю усіх мужчын ва ўзросьце ад 16 да 43 год. Людзі сыходзілі ў лес.

14 чэрвеня 1919 года ў мястэчку Іказнь на Браслаўшчыне быў парафіяльны фэст Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Ксёндз Міхал Буклярэвіч зьвярнуўся да тысячаў людзей, што прыйшлі на фэст, заклікаў іх браць зброю. Мясцовыя маладзёны адразу раззброілі прысутных там бальшавіцкіх вайскоўцаў.

Паўстанцы ўзялі пад кантроль Іказнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Чэрасы, Ёды, Шаркоўшчыну, Германавічы. Былі арыштаваныя бальшавіцкія дзеячы ў Мёрах, бальшавіцкі камісар быў расстраляны.

Бальшавікі ціснулі паўстанцаў з трох бакоў – з Друі, Браслава і Дзісны і паступова адваёўвалі мястэчка за мястэчкам. Польскае войска, на якое спадзяваліся паўстанцы, не прыйшло ім на дапамогу.

26 чэрвеня бальшавікі ўзялі Іказнь. Ксяндза Міхала Буклярэвіча разам з ягонай сястрой Аліцыяй расстралялі каля Бігосава. Бальшавікі былі вымушаныя прызнаць, што штуршком для паўстаньня сталі злоўжываньні камісараў. Пра злачынствы мясцовых бальшавікоў пісалі нават бальшавіцкія газеты.