Антон Аўсянік

13 чэрвеня 1888 у Вялейскім павеце нарадзіўся Антон Аўсянік, сябра Прэзыдыюму Рады БНР і Народнага сакратарыяту Беларусі, сябра Беларускай Вайсковай Камісіі і пасол на Сойм Польшчы ў 1920-х.

Паходзіў зь сялянскай сям’і, скончыў тэхналягічны інстытут у Харкаве, а пазьней вучыўся на факультэце будовы караблёў Пэтэрбурскага палітэхнічнага інстытуту, атрымаў ступень інжынэра.

У Пэтэрбургу далучыўся да Беларускай Сацыялістычнай Грамады і пачаў дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху.

Потым некалькі год працаваў у Бабруйску, дзе ствараў беларускія грамадзкія і палітычныя арганізацыі. Удзельнічаў у адборы дэлегатаў на Першы Ўсебеларускі Кангрэс, паводле адной з крыніцаў быў таксама яго ўдзельнікам у сьнежні 1917 году.

У 1918—1919 гг. член Рады БНР, Прэзыдыюму Рады БНР, Народнага сакратарыяту Беларусі.

Пазьней – адзін з інцыятараў стварэньня беларускіх вайсковых атрадаў у складзе польскага войска, у 1919—1920 гг. член, а пазьней віцэ-старшыня часовага прэзыдыюму Беларускай Вайсковай Камісіі.

У 1920 годзе паўнамочны прадстаўнік БНР у Летуве; прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, з 1922 пасол на Сойм Польскай рэспублікі І ськліканьня.

У 1930-я гады зьехаў у БССР, у 1933 г. быў арыштаваны. Зьвестак пра далейшы лёс няма.